Старшыня КДБ: Суд над Гайдуковым будзе закрытым

Судовыя слуханні па справе Андрэя Гайдукова, абвінавачанага ў здрадзе дзяржаве, хутчэй за ўсё, пройдуць за зачыненымі дзвярыма, паведаміў журналістам у чацвер старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык.



shpion.jpg

Андрэй Гайдукоў

«Безумоўна, суд будзе закрытым», — сказаў Вакульчык.
 

Пры гэтым ён адзначыў: «Я думаю, што пасля таго, як будзе абвешчана рашэнне суду, тыя людзі, якія яго абаранялі, апынуцца ў нязручным становішчы. Ён не паспеў здзейсьніць злачынства, быў своечасова выяўлены, але гэта была, як мы кажам, класіка — усё было зроблена чыста».
 

Вакульчык таксама ўдакладніў, што прад’яўленае Гайдукову абвінавачанне не мянялася, паведамляе Інтэрфакс.
 

Матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні да А.Гайдукова паступілі ў Віцебскі абласны суд.


Гайдукоў быў затрыманы 8 лістапада 2012 г. у Віцебску супрацоўнікамі КДБ. Гайдукоў працаваў на «Нафтане» і быў намеснікам кіраўніка незарэгістраванай беларускай моладзевай арганізацыі «Саюз маладых інтэлектуалаў».
 

Паводле КДБ, ён займаўся па заданні замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару і быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у момант закладкі тайніка са «звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы».
 

У дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч.1 арт.356 «Здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці», ён быў змешчаны ў СІЗА КДБ. Андрэю Гайдукову пагражае да 15 гадоў зняволеньня.

svaboda.org