У Ес асудзілі забарону дыпламатам назіраць за палітычнымі працэсамі ў Беларусі
Еўрапейскі саюз назваў рашэнне МЗС Беларусі аб абмежаванні наведвання для дыпламатаў дзяржаўных мерапрыемстваў, у тым ліку судоў, як «замінаючае нармальнай дыпламатычнай працы». Пра гэта паведамляе БелаПАН.
Цяпер жа мерапрыемствы, якія ладзяць дзяржаўныя органы і арганізацыі Беларусі, дыпламаты краін – чальцоў ЕС і НАТО могуць наведваць толькі па запрашэнні або з пісьмовага дазволу МЗС.
«Наколькі мы разумеем, адна з мэтаў гэтага прадпісання – не дазволіць дыпламатычнай супольнасці назіраць за многімі бягучымі і будучымі палітычна матываванымі судовымі працэсамі», – адзначылі ў прадстаўніцтве, заявіўшы, што ЕС «адхіляе гэтае рашэнне МЗС Беларусі як замінаючае нармальнай дыпламатычнай працы».
«Рашэнне МЗС яшчэ больш абмяжоўвае празрыстасць беларускай судовай сістэмы. Дыпламаты ЕС будуць па-ранейшаму імкнуцца прысутнічаць на судовых слуханнях», – заявілі ў прадстаўніцтве Еўрасаюза.
Белсат