«Пераарыентавацца». Міністр сельскай гаспадаркі распавёў, які план на выпадак далейшых санкцый Еўропы

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Іван Крупко заявіў, што калі Еўропа ці Украіна накладуць санкцыі на беларускія сельгаспрадпрыемствы, яны пераарыентуюцца на падобныя рынкі. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю тэлеканалу Беларусь 1.

photo_1516834493344_d0832e78ce8d.jpeg

Іван Крупко распавёў, што больш за ўсё Беларускія сельгаспрадпрыемствы экспартуюць у Расею, на другім месцы — Кітай. Паводле яго слоў, Кітайскі кірунак у апошні час развіваецца асабліва актыўна: за апошнія пяць гадоў аб'ём экспарту ў Кітай павялічыўся ў 13 разоў.
«Мы ў Еўропу рэалізуем прадуктаў харчавання на 375 мільёнаў даляраў у год. Ва Украіну — на 195 мільёнаў. Гэтыя аб'ёмы вельмі падобныя з рынкам Кітая, — сказаў Крупко. — Таму ў нас прадпрыемствы сертыфікаваны як на еўрапейскі рынак, як на Украіну, так і на Кітай. Прадукты падобныя, сертыфікаваныя прадпрыемствы. У выпадку, калі санкцыйныя пытанні будуць нарастаць і будуць прэтэнзіі, для прадпрыемстваў закрыюцца рынкі, то бязбольна пяройдзем на падобныя рынкі».
Паводле яго слоў, у Еўропу беларускія прадпрыемствы пастаўлялі шмат замарожанай чарніцы. Цяпер яны атрымліваюць сертыфікацыю для працы ў Кітаі. Міністр кажа, што ў выпадку санкцый Еўропы ў планах — пераарыентавацца на падобныя рынкі.
«Сёння нашы партнёры бачаць, што не толькі брэнд «Зроблена ў Беларусі»... але і як партнёры па пастаўках мы вытрымліваем у любой сітуацыі. Будзь то пандэмія, будзь то нейкія палітычныя турбуленцыю — мы заўсёды цэнім, і партнёры цэняць нас. Таму я лічу, што беларускі рынак харчавання і далей будзе развівацца».

Паводле zerkalo.io