У Вене пройдзе канферэнцыя па вырашэнні крызісу ў Беларусі

22 лістапада Аўстрыя ладзіць канферэнцыю высокага ўзроўню па вырашэнні крызісу ў Беларусі, паведамляе «Беларускае Радыё Рацыя».

Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай

Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай


З 21 па 23 лістапада ў рамках канферэнцыі пройдуць дыскусіі і кансультацыі прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі з міжнароднымі партнёрамі.
Сутнасць канферэнцыі тлумачыць кіраўнік кабінета Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі:
– Сітуацыя працягвае пагаршацца, зараз мы бачым міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЕС. Актуальнасць гэтай канферэнцыі толькі ўзмацнілася. Для нас важна, каб мы пацвердзілі з нашымі міжнароднымі партнёрамі, што крызіс у Беларусі застаецца актуальнай праблемай. І гэтая праблема належыць усім. І толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам яе вырашыць. І вырашаць яе трэба сістэмна, а не ў адказ на захоп самалёта, не ў адказ на міграцыйны крызіс. Для таго, каб пазбегнуць эскалацыі канфлікту на мяжы Беларусі і ЕС, крызіс у Беларусі мусіць вырашацца сістэмна. І, безумоўна, з удзелам беларускіх дэмакратычных сіл.
Ідэя канферэнцыі ўзнікла вясной гэтага года. З ёй выступілі прадстаўнікі шэрагу дэмакратычных сіл, а Святлана Ціханоўская актыўна яе прасоўвала на міжнароднай арэне, сустракаючыся са шматлікімі еўрапейскімі лідарамі. У выніку гэтых намаганняў Себасцьян Курц — тады канцлер Аўстрыі — падтрымаў гэтую ініцыятыву і абяцаў правесці канферэнцыю.