Улада як наркотык. Ці чакаць нам пераемніка?
Аляксандр Класкоўскі на «Позірку» разважае пра апошнія выступы Лукашэнкі, дзе той закранаў тэму транзіту ўлады. Ці гатовы кіраўнік рэжыму расціснуць «сінія пальцы»?
«Прэзідэнтамі нараджаюцца»
Для пачатку Лукашэнка рэзка абмежаваў кола магчымых прэтэндэнтаў вельмі суб'ектыўным крытэрыем: «Не хачу нікога пакрыўдзіць, не хачу сябе тут прыпадняць. Памятаеце, я казаў, што прэзідэнтамі не становяцца — прэзідэнтамі нараджаюцца. Калі ў цябе ад прыроды няма асноўных момантаў, уласцівасцей і якасцейў прэзідэнта, то ты нават не лезь у гэтую сферу».
Тым самым правадыр ненавязліва падкрэсліў, што ён — асаблівы. Зрэшты, ён і раней празрыста намякаў на сваю богаабранасць. Падобна на тое, сам у яе моцна паверыў.
Персаналізацыя ж верагодных пераемнікаў аказалася вельмі расплывістай: «У мяне ж яны ўсе на вачах, пачынаючы ад вашага рэктара і заканчваючы прэм'ер-міністрам, кіраўнікамі парламента нашага».
«Пачынаючы ад вашага рэктара» — відавочна дзеля чырвонага слоўца. Ну, напэўна, не нумар адзін ён у гэтым гіпатэтычным спісе, калі наогул там фігуруе. Проста побач апынуўся.
У красавіку 2021 года Лукашэнка ў такой жа манеры назваў магчымымі пераемнікамі чыноўнікаў Юрыя Караева і Уладзіміра Караніка, якія стаялі тады паблізу. Прытым што кіраўнік Гродзенскай вобласці Каранік, скажам так, не выглядае самым харызматычным у атачэнні кіраўніка. Генерал Караеў наогул нарадзіўся ў цяперашнім Уладзікаўказе, а такім чынам, паводле Канстытуцыі Беларусі, у прынцыпе не можа прэтэндаваць на крэсла яе прэзідэнта.
То-бок, гэта адказы, як кажуць беларусы, «на адчапіся» — звычайныя адгаворкі.
Зачараванае кола
Але паколькі тэма хвалюючая, то раз за разам узнікаюць спекуляцыі.
У жніўні на сустрэчы з жыхарамі Шклоўскага раёна Лукашэнка выдаў: «Я ўжо публічна пачынаю гаварыць усім вам — вы павінны прывыкаць да таго, <...> што прэзідэнт будзе іншы». І трэба было пры гэтым тэлекамеры выхапіць буйным планам Дзмітрыя Крутога, кіраўніка Адміністрацыі правадыра, як сонм каментатараў на поўным сур'ёзе стаў трактаваць яго ў якасці пераемніка.
Аднак 43-гадовы Круты, з пункту гледжання Лукашэнкі, мяркуючы з усяго, як мінімум яшчэ «зялёны». Цяпер кіраўнік упірае на тое, што прэзідэнту патрэбны досвед. «Апошнім часам я прызначыў шмат адносна маладых кіраўнікоў, вышэйшых службовых асоб. Трэба, каб былі маладыя людзі. Думаю, што яны будуць праходзіць нейкія этапы. І мой досвед, маё жыццё прэзідэнцкае дазволілі мне гэтых людзей убачыць у справе», — разважаў перад студэнтамі кіраўнік.
Мабыць, ён падзабыў, што сам заняў прэзідэнцкае крэсла ў 39 гадоў і потым у парыве шчырасці прызнаваў, што ў 1990-я ў плане кіравання дзяржавай быў «смаркатым хлапчуком».
А зрэшты, хутчэй наадварот: Лукашэнка занадта добра памятае тую электаральную рэвалюцыю 1994 года, калі ён трыумфальна заехаў ва ўладу на кані папулізму, зрынуўшы ў пыл наменклатуршчыка старой фармацыі — прэм'ера Вячаслава Кебіча. А таксама ўрэзаўся ў памяць год 2020-ты, калі таксама ледзь не здарыліся перакульваючыя выбары.
Менавіта таму Лукашэнка ўзяў сітуацыю ў краіне ў яжовыя рукавіцы, канчаткова выхаласціў электаральны працэс. Палітычныя рэаліі такія, што толькі ён сам можа вызначыць пераемніка.
«Калі б вусны Ніканора Іванавіча ды прыставіць да носа Івана Кузьміча...»
Але нават калі б Лукашэнка ўжо вызначыўся, ён не стаў бы «засвечваць» рэальнага абранніка. У аўтакратыі, а тым больш персаналісцкіх рэжымах, аказвацца ў ролі «кульгавай качкі» вельмі небяспечна. Наменклатура, якая заўсёды трымае нос па ветры, тут жа стане падбіваць кліны да будучага правадыра. І ў старога кіраўніка ўлада стане сыходзіць з рук, як пясок скрозь пальцы.
Аднак больш падобна на тое, што, па-першае, Лукашэнка пакуль не мае намеру пачынаць транзіт, а па-другое, сапраўды не бачыць годнай, паводле яго крытэраў, фігуры.
На сустрэчы са студэнтамі 27 верасня ён, як паведамляюць дзяржСМІ, «прызнаўся, што не можа параіць нейкага канкрэтнага чалавека [у якасці наступнага прэзідэнта], калі б яго пра гэта спыталі» (ацаніце сціпласць). Ён сказаў: «І ўчора я падумаў пра гэта. Вось а хто?» І, падобна, гэтае пытанне сапраўды мучыць кіраўніка.
Пры гэтым ён адзначыў, што іншыя людзі з акружэння валодаюць «значна вышэйшымі», чым у яго, «асобнымі якасцямі». І ўчора я падумаў: «Вось калі б у адным чалавеку гэтыя якасці злучыць, унікальны быў бы чалавек і ідэальны быў бы прэзідэнт», — сказаў прамоўца.
Атрымалася, як у «Жаніцьбе» Гогаля, дзе пераборлівая нявеста разважае: «Калі б вусны Ніканора Іванавіча ды прыставіць да носа Івана Кузьміча, ды ўзяць колькі-небудзь развязнасці, якая ў Балтазара Балтазарыча, ды, мабыць, дадаць да гэтага яшчэ мажнасць Івана Паўлавіча — я б тады адразу ж вырашылася».
Калі канкурэнтныя механізмы ў палітыцы заблакаваныя ломам
Калі ж без смеху, то мы бачым тыповую праблему персаналісцкага рэжыму. Канкурэнтныя механізмы ў палітыцы заблакаваныя тоўстым іржавым ломам, транзіт улады завязаны выключна на першую асобу. А гэтая самая асоба не ўяўляе сябе ў адстаўцы, на ганаровай пенсіі.
Быццам бы і ўсе законы пад яе напісаныя: недатыкальнасць, забеспячэнне ўсёй сям'і і іншае. Але ёсць як мінімум два моманты. Па-першае, улада для Лукашэнкі — наркотык, гэта сляпому бачна. Па-другое, яго пастаянна трымае ў абцугах трывога за сваю асабістую бяспеку і бяспеку радні.
І ў гэтым плане, мяркуючы па ўсім, няма асаблівай надзеі на прапісаныя ў законе гарантыі, няма стоадсоткавай упэўненасці ні ў адным з верагодных пераемнікаў.
Вядома, можна браць за аснову дынастычны варыянт (ўдалы прыклад — Аліевы ў Азербайджане). Але тут свае складанасці (гэта асобная тэма). Да таго ж, любімы сын Мікалай занадта малады.
Карацей, пакуль у гэтым плане — пракрастынацыя. Насуперак сваёй жа фразе пра пасінелыя пальцы, якая стала мемам, Лукашэнка лічыць за лепшае да апошняй магчымасці трымаць карміла дзяржаўнай улады ва ўласных руках. Што можа прывесці і да сталінскага фіналу. Але гэта таксама асобная тэма.