«Урад запрацуе лепш». Эксперты — аб звальненні групы намміністраў
З беларускага ўрада звольнілі шэсць намеснікаў міністраў. Як гэта паўплывае на працу Савета міністраў і ці атрымае краіна да 2020 года абяцаны кампактны і эфектыўны дзяржапарат?
У пастанове Саўміна № 656 ад 28 жніўня адзначаецца, што намеснікі міністраў вызваленыя ад пасад у сувязі са скарачэннем штату работнікаў, а таксама ў сувязі з пераводам на іншую пасаду. Адчуе гэтыя змены краіна?
Экс-прэм'ер: Можна цалкам зачыніць некалькі міністэрстваў
Міхаіл Чыгір, які ўзначальваў беларускі ўрад у 1990-х, канстатуе, што колькасць дзяржапарату ў Беларусі завышана і несувымерная патрэбам.
— Гэта абумоўлена гістарычна. З савецкіх часоў засталася сістэма ручнога кіравання эканомікай. Але калі мы выбудоўваем рынкавую эканоміку, трэба больш даваць самастойнасці прадпрыемствам і скарачаць дзяржапарат, — кажа Міхаіл Чыгір.
Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць, што пасля звальнення шасці намеснікаў міністраў «урад запрацуе лепш».
— Бо бюракратычная машына стане крыху менш. У нас ганяюць паперы з аднаго міністэрства ў іншае, пакуль яны не пройдуць працяглыя і шматлікія ўзгадненні. У беларускай палітыцы міністры нічога не значаць, а што ўжо казаць аб іх намесніках, якія нібы пятае кола ў возе, — адзначае Леанід Заіка.
Эканаміст мяркуе, што ў Беларусі бязбольна прайшла б нават такая адміністрацыйная рэформа, пры якой ліквідавалі некаторыя міністэрствы.
— Лік занятых ва ўрадзе можна смела скарачаць адразу на траціну. Цалкам можна зачыніць Міністэрства эканомікі і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання. Функцыі Міністэрства ЖКГ цалкам могуць узяць на сябе бізнэс і мясцовая ўлада. Функцыі ведамстваў накшталт Міністэрства адукацыі можна перадаць грамадскім арганізацыям, — мяркуе Леанід Заіка.
У гэтай сувязі цікаўнымі ўспамінамі дзеліцца Міхаіл Чыгір:
— Адзін час у Беларусі распрацоўвалі новую сістэму кіравання. Была нават прапанова пакінуць толькі тры міністэрствы.
Эканаміст: Звальняць чыноўнікаў — што палохаць крумкачоў
Аб праходзячай аптымізацыі дзяржапарату становіцца вядома не ўпершыню. У 2012-м планавалі скараціць колькасць апарату Савета міністраў на 20%.
Некалькі гадоў таму Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што аптымізацыя дзяржапарату — «гэта бесперапынны працэс». А па выніках апошняга Усебеларускага сходу паведамілі, што дзяржапарат да 2020 года павінен стаць кампактным і эфектыўным.
Аднак кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка ў гэтым сумняваецца.
— Велізарная наменклатурная машына жыве сама па сабе. За час прэзідэнцкай улады ў краіне не было ніводнага ўрадавага крызісу, ні разу ўрад не адпраўлялі ў адстаўку за правалы ў працы. Памяняюць з часам прэм'ер-міністра і некалькі міністраў, а ўсё астатняе застаецца па-ранейшаму. Як казаў Мікаян, звальняць чыноўнікаў — тое ж самае, што палохаць крумкачоў: яны з аднаго дрэва перасаджваюцца на іншае, — адзначае Леанід Заіка.
Эканаміст спадзяецца, што калі-небудзь беларускі ўрад стане калі не кампактным, то хаця б прафесійным. Але для гэтага, паводле яго слоў, трэба будзе ўсіх чыноўнікаў адправіць ў адстаўку і набраць новых, адпаведных высокім стандартам.
Паводле Заўтра тваёй краіны