Расійскія спецслужбы назвалі беларускую мытню галоўным кантрабандыстам
Дзве траціны ўсіх санкцыйных тавараў, увезеных у Беларусь, паступае на адрас «Белмытсэрвісу» — арганізацыі, што на 100 % належыць Беларускаму мытнаму камітэту. 10 % гэтай прадукцыі мытная кампанія закупляе сама. Пра гэта заявіла Федэральная Мытная служба Расеі (ФМС) у расследаванні аб кантрабандных пастаўках у сваю краіну харчоў, якія падпадаюць пад санкцыі Масквы супраць краінаў Захаду.
Расійскія спецслужбы выявілі 29 расейскіх кампаніяўБальшыня з іх, аказалася, належыць беларусам. Усе гэтыя кампаніі былі звязаныя з трыма найбуйнейшымі імпарцёрамі ў Беларусь прадукцыі, што забароненая ў Расіі: «Белмытсэрвіс», «Газ Вэнчурэ» і «Глобалкастом». Наўпроставых доказаў удзелу згаданых трох кампаніяў у кантрабандзе ФМС не дае, але апелюе да логікі лічбаў. Маўляў, за апошнія гады экспарт беларускіх харчоў у Расію павялічыўся прыблізна на столькі ж, на колькі вырас імпарт гэтых тавараў у Беларусь з краінаў, супраць якіх Расея ўвяла санкцыі.
«Гэтая вайна харчовая, яна ніколі не спыняецца. Яна будзе працягвацца пакуль будуць існаваць гэтыя ўмовы палітычныя, эканамічныя, гэтыя ўлады ў абедзвюх краінах», – тлумачыць Іна Гармель, шэф-рэдактарка парталу AGROLIVE.BY.
Кантрабанда жыла, кантрабанда жыве, кантрабанда будзе жыць
Былы дэпутат і буйны бізнесовец Сяргей Скрабец распавядае, што бізнесоўцы, блізкія да кіраўніцтва Беларусі, яшчэ з 90-х займаюцца кантрабандай у Расію тавараў, супраць якіх тая ўводзіць абмежаванні. Сярод такіх тавараў былі амерыканскія куры, алкаголь, цукар, малако, мяса і шмат якія іншыя. З Расіі, у абыход тамтэйшага экспартнага мыта, вывозіліся нафтапрадукты пад выглядам растваральнікаў.
Паводле Федэральнай мытнай службы Расіі, толькі за нелегальную садавіну і гародніну расійска-беларускія кампаніі, злоўленыя на кантрабандзе, пералічылі «Белмытсэрвісу» ды іншым беларускім лагістам больш за $ 100 млн з 2015-га года. А гэта, паводле ФМС, толькі пятая частка беларускай кантрабанды. Шэф-рэдактарка парталу AGROLIVE.BY адзначае, што гэта шкодзіць акурат тым галінам расейскага АПК, якія атрымалі магчымасць развіцця акурат дзякуючы контрсанкцыям Крамля.
Расійскія мытнікі заявілі, што іх Цэнтрабанк цяпер будзе блакаваць плацяжы тамтэйшых імпарцёраў санкцыйнай прадукцыі на адрас беларускіх контрагентаў. На думку апытаных намі адмыслоўцаў, пасля завяршэння вучэнняў «Захад 2017» Масква можа перайсці да больш рашучых крокаў.
Паводле belsat.eu