Віктару Бабарыку сёння споўнілася 57 гадоў

Апошнія чатыры з паловай месяцы ён знаходзіцца за кратамі.

Фота wikipedia.org

Фота wikipedia.org

Сёння экс-банкіру, палітыку і кандыдату на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктару Бабарыку споўнілася 57 гадоў. Ад 18 чэрвеня ён знаходзіцца ў зняволенні — у СІЗА КДБ — абвінавачванне будуецца на трох артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Праваабаронцы надалі яму статус палітычнага зняволеннага.

Сваю кандыдатуру на прэзідэнтскую пасаду Віктар Бабарыка вылучыў 12 мая, а 20 мая зарэгістраваў другую па памеры ініцыятыўную групу ў 8904 чалавекі.

Кандыдатуру Бабарыкі публічна падтрымалі вядомыя беларускія дзеячы культуры: нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч (29 траўня), рэжысёр Андрэй Курэйчык. 17 чэрвеня філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, які з'яўляецца актыўным прыхільнікам байкоту выбараў, паставіў подпіс за вылучэнне Віктара Бабарыкі ў кандыдаты ў прэзідэнты ў знак салідарнасці з усімі, хто падвергнуўся пераследу падчас выбарчай кампаніі, і ў якасці прызыву аб'яднацца праціўнікам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі вакол персоны Віктара Бабарыкі, які стаў фактычным лідарам беларускай апазіцыі. Таксама ў падтрымку Бабарыкі выказаліся два былыя кандыдаты ў прэзідэнты на выбарах 2010 года: 13 чэрвеня яго падтрымаў Уладзімір Някляеў, 15 чэрвеня — Андрэй Саннікаў.

На канец траўня інтэрнэт-апытанні аддавалі Віктару Бабарыку першае месца з больш чым 50 % галасоў. На фоне такой сацыялогіі ўлады прыраўнялі галасаванні на сайтах да агульнанацыянальных рэпрэзентатыўных апытанняў, для якіх патрэбна акрэдытацыя — яе няма ні ў аднаго СМІ; электаральныя рэйтынгі палітыкаў не публікуюцца ў краіне з 2016 года.

31 мая Віктар Бабарыка прадставіў «Дэкларацыю аб сумленных выбарах».

Для рэгістрацыі кандыдата па беларускіх законах неабходна прадаставіць 100 тысяч подпісаў у яго падтрымку — ініцыятыўная група сабрала іх да 6 чэрвеня. 9 чэрвеня Бабарыка пабіў рэкорд Зянона Пазняка, сабраўшы больш за 230 тысяч подпісаў за сваё вылучэнне. Да 19 чэрвеня штаб кандыдата паведамляў аб сабраных 425 тысячах подпісаў.

17 чэрвеня рахунак выбарчага фонду Віктара Бабарыкі ў ААБ «Беларусбанк» быў заблакаваны. Паводле звестак штаба, там былі заблакаваныя больш за 100 тысяч беларускіх рублёў (эквівалентна прыкладна 42 тысячам долараў ЗША). 18 чэрвеня Бабарыка быў затрыманы разам з сынам Эдуардам.

Тым не менш, 20 чэрвеня штаб палітыка падаў у ЦВК Беларусі ўвесь пакет дакументаў для рэгістрацыі кандыдата, у тым ліку неабходную колькасць подпісаў.

14 ліпеня ЦВК адмовіў Бабарыку ў рэгістрацыі кандыдатам на той падставе, што «ў дэкларацыі не адлюстраваныя фактычнай уласнасці і карыстанні матэрыяльныя сродкі і нерухомая маёмасць, якія знаходзяцца ў яго [Бабарыкі], а таксама даходы ад дзейнасці шэрагу падкантрольных яму беларускіх камерцыйных структур». Удзельнікі кампаніі заяўлялі, што старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына прыняла бок следства без рашэння суда і такім чынам дэманстратыўна парушыла Канстытуцыю.