Вячаслаў Касінераў выйшаў на волю
Анархіст прасядзеў на Акрэсціна 10 сутак за запалены фаер.
Актывіст анархісцкага руху, экс-фігурант рэзананснай „справы графіцістаў” Вячаслаў Касінераў, асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, сёння выйшаў на волю з ізалятара часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна ў Менску.
Касінерава судзілі паводле арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства) за тое, што ён падчас дазволенага ўладамі мітынгу Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў 1 мая ў Менску запаліў фаер. Актывіст быў затрыманы пасля акцыі, аднак вечарам таго ж дня адпушчаны без складання пратакола. 2 мая ён знаходзіўся ля будынка суда ў чаканні разгляду справы яго затрыманага паплечніка. Там Касінерава паўторна затрымалі і адвезлі ва УУС Цэнтральнага раёна для складання пратакола. Праз некалькі гадзін актывіста прывезлі ў суд, у дачыненні да яго быў складзены пратакол па арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства). Касінерава абвінавацілі ў правядзенні 1 мая несанкцыянаванага масавага мерапрыемства каля санкцыянаванага мітынгу, які праходзіў у гэты ж час. Аднак пасля азнаямлення з пратаколам суддзя накіравала яго на дапрацоўку, ноч Касінераў правёў у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
Як паведамлялася, ва ўдзельнікаў мітынгу, арганізаванага 1 мая БКДП у сталічным Кіеўскім скверы, узнік канфлікт з анархістамі. Праз паўгадзіны пасля пачатку мерапрыемства ў сквер прыйшлі тры анархісты на чале з Касінеравым. Апранутыя ў чорнае, яны расцягнулі транспарант „Свабода, роўнасць, самакіраванне”. Падчас выступу старшыні БКДП Аляксандра Ярашука Касінераў запаліў фаер, а затым пачаў казаць праз мегафон. Ён, у прыватнасці, заявіў, што ў краіне застаюцца палітвязні. Дзеянні анархіста выклікалі незадаволенасць Ярашука і іншых удзельнікаў мітынгу. У выніку Касінераў спыніў выступ і папрасіў даць яму слова пазней, але гэтага не здарылася. Падчас выхаду з сквера траіх анархістаў затрымалі сілавікі ў цывільным. 2 мая актывіст анархісцкага руху Аляксей Зуеў быў пакараны штрафам у 10 базавых велічынь (245 рублёў) за тое, што хаваў на санкцыянаваным мерапрыемстве свой твар пад маскай, а гэта забаронена заканадаўствам.
Паводле «Радыё Рацыя»