З Паўла Вінаградава знялі прэвентыўны нагляд

13 верасня суд Маскоўскага раёна зняў з актывіста Паўла Вінаградава прэвентыўны нагляд, які быў накладзены на яго 7 чэрвеня 2016 года, па сканчэнні тэрміна судзімасці.

4ca7b1c8_0720_4241_aa10_f913598b454e_w987_r1_s.jpg



Пра гэта Павел Вінаградаў напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

“З мяне знялі нагляд і больш яго не накладуць (праз 12 гадзін я буду не судзімым чалавекам)”...

Актывіст адзначыў, што асабіста ў суд не хадзіў, але ведаў, што рашэнне будзе на яго карысць і нагляд здымуць.

Да зняцця судзімасці заставаліся лічаныя гадзіны, і іншага выбару толькі, як зняць нагляд, у іх не было. Нават у такой краіне цудаў, як Беларусь, чалавек пад наглядам не можа знаходзіцца, калі ён не судзімы. Таму я быў на 100% упэўнены, што сёння прэвентыўны нагляд з мяне здымуць”.

Дакладна даведаўся Павел Вінаградаў, калі ўбачыў пастанову суда ў РУУС, куды яго ласкава запрасіў інспектар.

“Прыйшоў, паглядзеў на пастанову — сапраўды, сёння судом Маскоўскага раёна з мяне знялі прэвентыўны нагляд, і значыць, пачынаючы з сённяшняга дня на доўгі час, а можа і назаўжды, я не буду пад наглядам”.

Актывіст кажа, што будзе займацца тым, чым займаўся і раней:

Вось мы тут з хлопцамі вырашылі акцыю правесці. Акцыю назначылі на сем гадзінаў, таму што я цяпер магу хадзіць на акцыі так позна”.

Нагадаем, актывіст Павел Вінаградаў быў двойчы судзімы за дзеянні, звязаныя з апазіцыйнай барацьбой. У 2008 годзе яго асудзілі на 2 гады хатняй «хіміі» за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў на плошчы Незалежнасці, а ў 2011 годзе — на 4 гады зняволення за ўдзел у мітынгу пратэсту супраць фальсіфікацый падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 году.

Праз 8 месяцаў зняволення Павел Вінаградаў быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам, але пасля выхаду на волю за ім усталявалі прэвентыўны нагляд агулам на 3,5 года. Падчас гэтага тэрміну актывіст амаль год пражыў у Беразіно, адкуль вярнуўся ў Мінск у кастрычніку 2015 году.

Аднак, 7 чэрвеня суддзя Маскоўскага суду Мінска Максім Сушко зноў устанавіў прэвентыўны нагляд Паўлу Вінаградаву на 6 месяцаў.

 

spring96.org