Арына Сабаленка ўпершыню выйшла ў фінал Выніковага турніру WTA

У паўфінале беларуская тэнісістка, сёмая ў сусветным рэйтынгу, абыграла першую ракетку свету Ігу Свёнтэк з Польшчы.

photo_2022_11_07_10_08_43.jpg


Раней Сабаленка і Свентэк сустракаліся пяць разоў, і іх першы матч у рамках групавога этапу выніковага чэмпіянату WTA ў Гвадалахары-2021 выйграла Сабаленка, а вось усе чатыры мінулыя паядынкі сезона-2022 засталіся за Ігай, уключаючы паўфінал US Open, у якім польскай тэнісістцы давялося адыгрывацца з 0-1 па сэтах, піша Чэмпіянат.

Перад іх шостай сустрэчай Свентэк заявіла: «Зраблю высновы з папярэдніх гульняў з Арынай. Тая гульня на Адкрытым чэмпіянаце ЗША была напружанай. Я не мяркую, што паўфінал пойдзе па тым жа сцэнары. Думаю, гэта будзе вельмі нават захапляльна. Сабаленка будзе змагацца за кожны мяч. Ведаю, што яна можа чэрпаць энергію з натоўпу. Я павінна засяродзіцца на сабе, каб нішто не адцягвала мяне».

З першых хвілін матчу пачалася зацятая барацьба. Дзяўчыны адчувалі адкрытыя праблемы на сваіх падачах. Сабаленка, напрыклад, за першыя два геймы паспела зрабіць пяць падвойных памылак, а Свентэк больш памылялася ў розыгрышах. Пасля параду брэйкаў першай наладзіла сваю падачу Арына і павяла 4:1. У канцоўцы партыі беларуска зноў забрала чужы гейм і выйграла сэт — 6:2 за 40 хвілін. Іга ўпершыню на турніры аддала суперніцы партыю.

Другі сэт у Сабаленкі не пайшоў. Польская тэнісістка хутка павяла 4:0, магла зрабіць і трэці брэйк запар, але беларуска размачыла лік — 4:1, затым з пятага брэйк-пойнту сама змагла дамагчыся брэйка — 4:2. Аднак канцоўка сэта засталася зноў за Свентэк — 6:2 за 47 хвілін.

У пачатку трэцяга сэта дзяўчыны кантралявалі свае падачы. Аднак у чацвёртым гейме Сабаленка скарысталася памылкамі Свентэк і дамаглася брэйка — 3:1. Сама ж беларуска працягнула ўдала падаваць, хоць час ад часу прабіваліся і падвойныя. Але Іга падарункамі суперніцы скарыстацца не здолела. Арына толькі нарошчвала перавагу і давяла матч да перамогі — 6:2, 2:6, 6:1 за 2 гадзіны 9 хвілін. За матч Сабаленка дапусціла дзевяць двайных памылак і зрабіла 12 эйсаў, што з'яўляецца яе лепшым паказчыкам у сезоне.

Так Арына Сабаленка ўпершыню ў кар'еры прабілася ў фінал выніковага чэмпіянату WTA і стала толькі другой беларускай у гісторыі, якая згуляе ў вырашальным матчы гэтага турніру пасля Вікторыі Азаранка ў 2011 годзе.

Сабаленка стала толькі чацвёртай тэнісісткай, якая адолела першую тройку гульцоў на адным і тым жа турніры. Нагадаем, што ў групе яна перамагла Онс Жабер (другая ракетка свету), Джэсіку Пегулу (3) і вось цяпер у паўфінале — першую ракетку свету Ігу Свентэк. Да Арыны перамагчы ўсіх топ-3 на адным турніры ўдавалася Штэфі Граф, Серэне і Вінус Уільямс.

У фінале Сабаленка сустрэнецца з францужанкай Каралін Гарсія, шостай ракеткай свету, піша Е*рарадыё. Яны разыграюць паміж сабой не толькі тытул, але і чацвёртае месца ў рэйтынгу 52 тыдняў WTA.