Галоўныя правалы Чэмпіянату Беларусі-2023 па футболе
«Трыбуна» сабрала спіс «расчараванняў года».
Да фінішу вышэйшай лігі-2023 застаўся ўсяго адзін тур, а значыць, можна пагаварыць пра галоўныя расчараванні адыходзячага сезона. Вось ад якіх футбалістаў у цяперашнім ЧБ чакалі куды большага.
Арцём Макаўчык, брамнік, «Дынама» Мінск
У чэмпіянаце-2023: 2 матчы, 1 прапушчаны мяч, 1 «сухар»
Асноўнага галкіпера «Энергетыка-БДУ» з другога месца ЧБ-2022 зімой запрашалі ў чэмпіянаты Арменіі, Казахстана і Расіі, але футбаліст спыніў свой выбар на мінскім «Дынама». Пасля сыходу Ягора Хаткевіча ў КПЛ Макаўчык выглядаў першым нумарам «бела-блакітных». У стартавым туры «вышкі» з «Іслаччу» (3:0) Арцём правёў на полі 90 хвілін. Пасля гэтага брамніка ўпершыню выклікалі ў зборную Беларусі. Аднак туды «дынамавец» не даехаў праз калечанне калена.
23-гадовы Макаўчык аднавіўся толькі бліжэй да канца чэрвеня, але забраць месца ў браме не здолеў, прайграўшы канкурэнцыю Фёдару Лапавухаву. Арцём толькі адзін раз выйшаў на поле — 20 жніўня «дынамаўцы» перамаглі «Слуцк» 2:1, аднак у адным ад эпізодаў мяч ад галкіпера заляцеў у яго ж браму. Так Макаўчык стаў першым брамнікам у гісторыі «вышкі» з двума аўтагаламі.
Аляксандр Свірэпа, паўабаронца, «Дынама» Мінск
У чэмпіянаце-2023: 8 матчаў, 1 + 0 па «гол + пас»
Падпісант за рэжым быў капітанам паспяховага «Энергетыка-БДУ» мінулага сезона, а зімой таксама мог адправіцца ў Казахстан, але па выніку на сезон падпісаўся з «Дынама». У першай палове ЧБ-2023 24-гадовы Свірэпа прайграваў канкурэнцыю ў цэнтры поля Арцёму Быкаву і Мікіту Дземчанку. Затым гулец траўміраваўся.
Першым матчам пасля вяртання стаў выхад у старце 25 чэрвеня супраць «Смаргоні» (1:3). Свірэпа правёў на полі ўсе 90 хвілін, але ў канцы першага тайма зрэзаў мяч ва ўласныя вароты — гэты гол аказаўся пераможным для сапернікаў.
Пасля гэтага Свірэпа яшчэ два туры выходзіў у стартавым складзе, але затым «дынамаўцы» падпісалі ў цэнтр поля Аляксандра Селявога і Івана Бахара, а таксама арандавалі расійца Данііла Зорына — і былы «студэнт» трапіў у глыбокі рэзерв, зрэдку з'яўляючыся на полі ў канцоўках матчаў.
Антон Пуціла, паўабаронца, «Дынама» Мінск
У чэмпіянаце-2023: 16 матчаў, 0 + 1 па «гол + пас»
36-гадовы падпісант за рэжым на старце сезона запомніўся згодай удзельнічаць у «камісіі» Мінспорту Лукашэнкі па гульцах з «чорнага спісу», якая ў выніку так і не сабралася (яе функцыі перадалі «камісіі» па тых, хто з'ехаў з Беларусі). А вось на полі Пуціла не запомніўся асабліва нічым. За ўвесь сезон гулец толькі тройчы з'яўляўся ў стартавым складзе «Дынама», толькі раз правёў на полі 90 хвілін. Пуціла абяцаў «набіраць кандыцыі, каб быць нароўні з моладдзю», але, падымаючыся з лаўкі запасных, набраў за чэмпіянат усяго адзін асіст.
Максім Швяцоў, абаронца, «Дынама» Мінск
У чэмпіянаце-2023: 11 матчаў
У сезоне-2022 цэнтрдэф быў жалезным гульцом старту ў Арцёма Чалядзінскага, даволі часта выводзячы каманду з капітанскай павязкай. Аднак у зімовае трансфернае акно ў «Дынама» прыйшоў дасведчаны Сяргей Паліцэвіч, які дапоўніў кампанію Рамана Бегунова і Аляксандра Сачыўкі. Да лета 25-гадовы Швяцоў яшчэ часам выйграваў канкурэнцыю, аднак летам клуб падпісаў яшчэ і Аляксея Гаўрыловіча — і Максім шчыльна прысеў на лаўку запасных. За восеньскую частку чэмпіянату ён правёў на полі ўсяго 19 хвілін — і гэта пры адным з самых вялікіх заробкаў у камандзе ў 16 200 рублёў.
Дэфіцыт гульнявога часу пазбавіў Швяцова і месца ў зборнай Беларусі. Пасля адстаўкі Георгія Кандрацьева гулец перастаў туды ездзіць, а з прыходам Карласа Алроса «дынамаўца» наогул выдалілі з чата каманды.
Уладзімір Хвашчынскі, нападаючы, «Дынама» Мінск
У чэмпіянаце-2023: 20 матчаў, 6 + 4 па «гол + пас»
Футбаліст года Беларусі-2022 у міжсезонне перайшоў з «Мінска» ў «Дынама» ўслед за Скрыпчанкам. У першай частцы чэмпіянату 33-гадовы Хвашчынскі стабільна атрымліваў гульнявыя хвіліны, хай і не заўсёды выходзіў у стартавым складзе. У першым коле паўдзельнічаў ва ўсіх 15 матчах «Дынама», набраўшы 6+4 па «гол+пас».
Аднак пасля летняй паўзы час на полі Хвашчынскага пачаў імкліва раставаць. За ўсё другое кола Уладзімір выходзіў на поле шэсць разоў, максімальна гуляючы 12 хвілін. Такая бедная практыка звязана з поўным даверам Скрыпчанкі звязцы форвардаў Марозаў—Бакіч. Такія завяршальнікі нападаў аказаліся для трэнера больш пераважнымі, чым Хвашчынскі, які імкнецца дзейнічаць па ўсім фронце нападу і больш гуляе перад лініяй абароны «ў недадачу».
Раман Папарыга, нападаючы, «Нёман»
У чэмпіянаце-2023: 19 матчаў, 0 + 1 па «гол + пас»
Чарговы ў спісе футбаліст з «Энергетыка-БДУ»-2022, там дзейнічаў, падыгрываючы Бабуру Абдзіхолікаву, які стаў найлепшым бамбардзірам ЧБ, а сам набраў дзевяць асістаў, што было другім паказчыкам у лізе. Магчыма, украінца забіралі ў Гродна якраз у асістэнты Паўлу Савіцкаму і Ягору Зубовічу. Аднак 24-гадовы форвард у 2023-ім здзейсніў толькі адно выніковае дзеянне. Пры гэтым ён працягвае часта выходзіць на поле, што можна растлумачыць дэфіцытам форвардаў у складзе — у першым коле наперадзе ў «Нёмана» гуляў цэнтральны абаронца Іван Садоўнічы, а затым у нападаючыя перакваліфікавалі Савіцкага. Сам Папарыга па ходзе сезона выходзіў і на флангу, але на выніковасць гэта не паўплывала. Свой адзіны асіст Раман аформіў навесам ад вуглавога сцяжка.
Аляксандр Шасцюк, нападаючы, «БАТЭ»
У чэмпіянаце-2023: 20 матчаў, 1 + 2 па «гол + пас»
Пераходзячы з брэсцкага «Дынама» ў «БАТЭ» перад стартам сезона-2023, Шасцюк спадзяваўся, што ў Барысаве зарэкамендуе сябе для больш моцнай лігі, чым латвійская або расійская, дзе ўжо паспеў пабываць у свой 21 год. Аднак амаль увесь сезон-2023 Шасцюк праходзіў у дублёрах у Дзяніса Лапцева. Калі апошні вылецеў вясной з-за траўмы, Альшэўскі тройчы выпускаў Аляксандра з першых хвілін, але кожны раз замяняў яго ў перапынку. А больш за ўсё за сезон Шасцюк запомніўся няўдачамі ў матчах супраць былога клуба з Брэста: у першым коле зарабіў выдаленне праз 13 хвілін пасля выхаду на замену, а ў другім у парушэнне ўстаноўкі Альшэўскага пайшоў біць пенальці і не рэалізаваў яго.
Увосень Шасцюк хай і выходзіў пастаянна на замену, але праводзіў на полі ў сярэднім усяго 15 хвілін. У чэмпіянаце–2023 у яго пакуль адзін гол — ён здарыўся яшчэ 6 мая.
Сяргей Чэрнік, брамнік, «Шахцёр»
У чэмпіянаце-2023: 6 матчаў, 15 прапушчаных мячоў, 1 «сухар»
Галкіпер быў адным з лепшых у ЧБ-2022, прапусціўшы ўсяго сем мячоў у 18 матчах пры 11 «сухарах». 2023-ці Сяргей пачынаў першым нумарам у Салігорску, аднак пад канец гульні першага тура з «Нафтанам» (2:1) брамнік зламаў ключыцу (адзнака 4:17).
Чэрніку прыйшлося класціся на аперацыйны стол і прапусціць усё першае кола. Сяргей аднавіўся акурат да другога ў сезоне, да гульні супраць «Нафтана», якую, да таго ж, праз дыскваліфікацыю прапускаў Сяргей Ігнатовіч. Аднак Аляксей Бага ў той сустрэчы даў дэбютаваць у «вышцы» Ігару Малашчыцкаму. Зрэшты, у верасні Бага заявіў, што Чэрнік «трэніруецца як пракляты і заслугоўвае гуляць». І ўсе чатыры матчы месяца «Шахцёра» ў браме правёў менавіта Сяргей. Аднак два апошнія атрымаліся для «гарнякоў» правальнымі — 0:4 ад мінскага «Дынама» і 2:5 ад «Нёмана». Пасля гэтага месца ў браме вярнуў сабе Ігнатовіч.
Чэрнік зноў выйшаў на поле толькі ў 29-м туры, калі Ігнатовіч падхапіў у зборнай ВРВІ. І зноў шмат прапусціў: «Шахцёр» прайграў «Слуцку» з лікам 2:3. 12 прапушчаных мячоў за тры матчы — для такога брамніка, як Чэрнік, гэта шмат.