Што агульнага паміж Пратасевічам і футболам

Напрыканцы вясны ў беларускім футбольным календары прыгожа сышліся лічбы і факты. У вышэйшай лізе згуляна роўненька дзесяць тураў — акурат трэцяя частка чэмпіянату. А Кубак краіны ўвогуле фінішаваў фінальным матчам у Гомелі. Усё гэта неяк цешыла б заўзятараў, бо сімвалічная ж рыса — можна рабіць прамежкавыя высновы, упарадкоўваць уражанні і прадказваць далейшае развіццё падзей.

fcd05c01b6933dd2af13a47306e54.jpg


Але ж куды там: грамадска-палітычная сітуацыя ў нашым цэнтры Еўропы па-ранейшаму не дае разняволіцца ды знайсці хоць часовы супакой у праглядзе вячэрняй спартыўнай трансляцыі.
Мінулая нядзеля, напрыклад, падавалася марай беларускага эскапіста — спачатку хакейны матч ЧС са шведамі, потым футбольны кубкавы фінал. Кава-гарбата (ці нешта больш пеннае), тэлевізійны пульт — і гайда ў паралельны сусвет хаця б на некалькі гадзін. Экалагічны рэлакс дзеля зберажэння нерваў пасярод навакольнага вар’яцтва. Уцёкі ад д’ябальскай рэчаіснасці па паважлівай прычыне.
Але не. Калі хто і меў такія свядомыя разлікі, то яны не спрацавалі.

Разам з «Крумкачамі»

У нядзелю да жахаў мінулага тыдня — разгрому найбуйнейшага медыя-парталу TUT.BY і заўчаснай смерці палітвязня Вітольда Ашурка — дадаўся міжнародны скандал з затрыманнем Рамана Пратасевіча.
Падрабязнасці вы, канешне, ужо ведаеце. Зрэшты, нам і тут ёсць што дадаць, бо палітвязень Пратасевіч — гэта не толькі пра палітыку, блогерства і тэлеграм. Гэта і пра спорт таксама, дзе зусім тады малады Раман жвава мільгануў у нядаўнім мінулым.
Узгадаць — самы час.
Калі б у перадачы «Што? Дзе? Калі?» прагучала пытанне, з якім футбольным клубам быў звязаны арыштаваны журналіст, то нават маладасведчаныя знаўцы пэўна далі б датэрміновы адказ. Вядома, з «Крумкачамі» — тымі самымі «несістэмнымі» энтузіястамі, не звязанымі ідэалагічнымі цуглямі і не напужанымі фурманскай пугай.
Недзе на пачатку развіцця клуб кінуў вокліч у інтэрнэце: шукаем валанцёраў. Адметная назва, патрыятычная філасофія і дэклараваная творчая свабода забяспечыла файны фідбэк, і сярод іншых у каманду добраахвотнікаў-памагатых уліўся і юны Раман Пратасевіч.
Сіл хапала, працы таксама — так сённяшні вязень атрымаў, здаецца, першы вопыт арганічнага існавання ў публічнай і медыяпрасторы. Ён быў і аператарам, які здымаў матчы «Крумкачоў». Быў і каментатарам, што забяспечваў гульням ненавязлівы канферанс у прамым інтэрнэт-эфіры. Быў клубным фотакарэспандэнтам, чые здымкі са стадыёнаў расходзіліся па тэматычных пабліках у сацсетках і траплялі ў медыя.
Відавочцы распавядаюць, што ў акрэсленых межах яму было няўтульна, і аднойчы хлопец прыйшоў на клубную нараду з цэлым планам маркетынгавага развіцця праекту. Як заахвоціць людзей да «крумкачовых» гульняў? Якія івенты ладзіць на стадыёнах у «матч-дэй»? Як спрытна разганяць сацсеткі і павялічваць колькасць падпісчыкаў? Як знаходзіць спонсараў і з імі супрацоўнічаць? Пытанняў было шмат — як і адказаў-прапаноў, за якімі бачылася ружовая будучыня.
Перабольшваць, зрэшты, не будзем — футбольным менеджарам Раман так і не стаў. Але не гэта галоўнае, а тое, што ён быў і застаўся перш за ўсё заўзятарам любімага клубу. І ў тыя «хайповыя» часы, калі «Крумкачы» толькі паўставалі на футбольных ландшафтах, і ён ездзіў «тапіць» за іх у тым ліку на выязныя гульні. І пасля, калі перакваліфікаваўся і сышоў у палітычную благасферу, дзе хутка займеў аўдыторыю і ўплыў.
У гэтым месцы напрошваюцца нейкія глыбокія высновы, дык мы сфармулюем коратка. Футбол наш выбудаваны архаічна і стаіць на імшыстых мурах. Бізнесовая повязь між камандай і яе аўдыторыяй — чыста сімвалічная, бо грошы клубам дастаюцца часцей за ўсё з дзяржаўнага бюджэту, нібыта той казачны лёгкі хлеб. Таму функцыянеры-прызначэнцы не надта шчыруюць дзеля папулярызацыі і шчыльнага насычэння трыбун. Адпаведна, гэты фронт застаецца тым самаадданым энтузіястам, якія за невялікія грошы імкнуцца рабіць вялікія справы. Якія любяць сваю працу часта не дзякуючы, а насуперак. І сярод якіх Раман Пратасевіч пачуваўся годна, пакуль жыццё не пагнала яго наперад — і аднойчы не завяло на той самы борт Ryanair, што ўзяў курс з Афін у Вільнюс.

Гульні ў манаполію

У тым ліку праз падобныя стратэгічныя перакосы гледачоў у беларускім футболе сёння няшмат. На ўсю краіну — лічаныя стадыёны, дзе на матчах рэгулярна збіраецца хаця б двух-трохтысячная аўдыторыя. Буйны Гомель, дзе гульню любілі са спрадвечных часоў. Брэст, дзе яшчэ мае моц інерцыя ўчорашняга чэмпіёнства. Ну ды, мусіць, Барысаў, з якога яшчэ не да канца змылася былая еўрапейская веліч.
Менавіта ў Гомелі ў нядзелю і адбыўся фінал Кубка краіны, які нельга абысці ўвагай. Тым больш так сенсацыйна сталася, што да рашаючага матча дабралася сціплая «Іслач» з Мінскага раёну. Многія жадалі ёй поспеху — і наступнага дэбюту ў еўракубках. І хлопцы рупіліся, клаліся касцьмі дзеля першага значнага дасягнення ў нядоўгай клубнай гісторыі. Аднак для перамогі гэтага не хапіла. Клас, вопыт, уменне ў патрэбны момант зрабіць рашаючае намаганне — усё гэтае было на баку БАТЭ, які ў выніку і забраў трафей, здабыўшы вікторыю з лікам 2:1.
Што да чэмпіянату, то там працягваецца суцэльны дыктат «Шахцёра». Салігорцы паслядоўна, услед за БАТЭ, адолелі і іншага фаварыта — мінскае «Дынама». Цяпер у іх дзесяць перамог запар — і ўсе шанцы скончыць першы круг са стопрацэнтным вынікам, чаго ў гісторыі вышэйшай лігі, здаецца, ніколі не здаралася.
Як мы ўжо адзначалі, для «Шахцёра» гэта добра, для чэмпіянату — абы-што. Бо менавіта канкурэнцыя — рухавік прагрэсу, а любая манаполія развіццю аніяк не спрыяе. Гэта заўважна ў Беларусі паўсюль — у палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай сферы.
Дарэчы, пра палітыку — з яе пачалі, ёй і скончым. Інцыдэнт з самалётам, на якім ляцеў з Грэцыі Раман Пратасевіч з сяброўкай, спарадзіў у Еўропе грандыёзны скандал. Адным з яго наступстваў стала беспрэцэдэнтная — насуперак звыклай «занепакоенасці» — рашучасць Еўрасаюза ў кірунку санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Спіс іх шырокі — і ёсць там, у прыватнасці, пра забарону беларускіх авіярэйсаў у краіны ЕС.
Як гэта датычыцца таго ж беларускага футбола? Ды вядома, як. Футбол не ведае межаў, і калі яны паўстаюць, гэта вельмі балюча.
Ужо прыкладна праз месяц распачнуцца еўракубкі, дзе беларускія футбалісты згуляюць у двух турнірах: «Шахцёр» — у Лізе чэмпіёнаў, БАТЭ, жодзінскае «Тарпеда» і брэсцкае «Дынама» — у Лізе канферэнцый. Лёсавання яшчэ не было, але і так зразумела: існуе вялікая імавернасць, што сустракацца айчынным камандам прыйдзецца якраз з супернікамі з краін Еўрасаюза. Лагістыка пры гэтым абяцае зрабіцца для беларусаў дадатковай (і не таннай) цяжкасцю — на звыклыя чартары ад «Белавія», здаецца, надзей цяпер зусім мала. Не іначай, давядзецца даваць кругаля, марнаваць час і грошы, успамінаючы па дарозе тыя санкцыі і іх прычыны.
Ну а пакуль да еўракубкаў не дайшло, першае рэха «аперацыі 23 траўня» раптоўна прыляцела халодным ветрам з Балтыкі. Літоўскія зборныя — нацыянальная і маладзёжная — катэгарычна адмовіліся прыязджаць у Беларусь на запланаваныя таварыскія гульні. Адзін з матчаў мусіў адбыцца ў чэрвені, другі — у лістападзе. Але пасля таго, што адбылося, суседзі перадумалі і вырашылі шукаць іншых супернікаў. Праз палітычную сітуацыю на нашым астраўку стабільнасці — і з меркаванняў бяспекі.
КУБАК БЕЛАРУСІ. ФІНАЛБАТЭ (Барысаў) — ІСЛАЧ (Мінскі раён) — 2:1.Гомель. Стадыён «Цэнтральны». 6253 гледачы.ГАЛЫ: 1:0 — Драгун (31). 1:1 — Камароўскі (59). 2:1 — Рыбак (77).ЧЭМПІЯНАТ БЕЛАРУСІ. ТУР 1019-22.05. ІСЛАЧ (Мінскі раён) — ВІЦЕБСК — 0:1 (147; Вандэрсан, 55). БАТЭ (Барысаў) — СПАДАРОЖНІК (Рэчыца) — 2:1 (2309; Умараў, 31, з пенальці, Я.Філіпавіч, 37 — Ясінскі, 7). ШАХЦЁР (Салігорск) — ДЫНАМА (Мінск) — 1:0 (3040; Дарба, 81). СЛАВІЯ (Мазыр) — ГОМЕЛЬ — 2:4 (1560; Нар, 6, Тэттэ, 30 — Сайчыч, 12, Гомза, 15, Юдзянкоў, 62, Някрасаў, 89). МІНСК — ДЫНАМА (Брэст) — 1:0 (515, Лопес, 56). ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — СЛУЦК — 1:0 (100; Зулфікараў, 75). СМАРГОНЬ — ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) — 1:3 (923; Яцкевіч, 25, з пенальці — Хачатуран, 57, Мікалаевіч, 68, Кляньё, 71). РУХ (Брэст) — НЁМАН (Гродна) — 2:0 (530; Савіцкі, 80, з пенальці, Пятрэнка, 95+).

tab.png


ТУР 11. 28.05. Віцебск — Смаргонь, Дынама Мн. — Рух. 29.05. Тарпеда-БелАЗ — Шахцёр, БАТЭ — Славія, Нёман — Спадарожнік. 30.05. Гомель — Мінск, Слуцк — Іслач, Дынама Бр. — Энергетык-БДУ.Фота з сацсетак