Абвешчаны вынікі парламенцкіх выбараў у Казахстане. Хто перамог?
У нядзелю ў Казахстане прайшлі парламенцкія выбары. Пра тое, што ім папярэднічала, «НЧ» пісаў тут.
Згодна з данымі ЦВК Казахстана, большасць месцаў у Мажылісе ў партыі ўлады. У ніжнюю палату з «Аманатам» праходзяць яшчэ пяць арганізацый, паведамляе «Радыё Азаттык».
Перамогу з вялікім адрывам атрымала партыя ўлады «Аманат». У яе, паводле афіцыйных звестак, 53,9% галасоў. На другім месцы — партыя «Ауыл» з 10,9%. Трэцяй фінішавала партыя «Respublica» — 8,59%.
За ёй ідуць «Ак Жол» і
Народная партыя Казахстана — у іх 8,41% і 6,8% адпаведна.
На апошнім, шостым, месцы Агульнанацыянальная
сацыял-дэмакратычная партыя з 5,2%.
Пяціпрацэнтны бар'ер не пераадолела нядаўна створаная партыя «Байтак», якая набрала толькі 2,3%.
Варыянт «Супраць усіх», паводле інфармацыі ЦВК,
выбралі 3,9%, або 248 291 чалавек.
Ніводная з усіх сямі зарэгістраваных у краіне партый не
выступала з крытыкай прэзідэнта Касым-Жамарта Такаева і яго адміністрацыі.
Абвешчаныя вынікі лічацца папярэднімі. Але канчатковыя
вынікі выбараў у Казахстане практычна не
адрозніваюцца ад папярэдніх.
Паводле інфармацыі ЦВК, на выбарах прагаласавалі 54,2% выбаршчыкаў. Яўку называюць самай нізкай за апошнія 19 гадоў.
Цяперашнія выбары ў Казахстане сталі чацвёртай электаральнай кампаніяй з пачатку прэзідэнцтва Такаева ў 2019 годзе. Грамадзяне ў чэрвені ўдзельнічалі ў рэферэндуме па ініцыяваных Такаевым папраўках у Канстытуцыю. Праз некалькі месяцаў ён ініцыяваў новыя канстытуцыйныя папраўкі, якія былі праведзены праз парламент.
Цяперашнія выбары, як і папярэднія, суправаджаліся затрыманнямі ўдзельнікаў акцый пратэсту, паведамленнямі аб сачэннях і блакіраванні актывістаў у іх дамах. Пасля антыўрадавых пратэстаў супраць датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў у 2019 годзе ўлады зрабілі больш жорсткім пакаранне за парушэнне парадку правядзення сходаў. Такаеў перад гэтымі выбарамі падпісаў папраўкі, якія робяць больш жорсткімі пакаранне за заклік да масавых беспарадкаў.
У нядзелю ў Астане паліцыя затрымала актывістаў, якія выходзілі на акцыі пратэсту супраць нелігітымных, на іх думку, выбараў. МУС колькасць затрыманых і падставы не паведаміла. Сацыяльныя сеткі стракацелі паведамленнямі і сведчаннямі аб парушэннях працэдуры галасавання на выбарчых участках, у тым ліку ўкідах і паўторных галасаваннях адных і тых жа асоб. Незалежныя назіральнікі зафіксавалі дзясяткі выпадкаў незаконнага выдалення назіральнікаў з участкаў, абмежаванняў перамяшчэння, забароны на здымку і іншых парушэнняў.
Генпракуратура заявіла, што» сур'ёзных парушэнняў, якія ўплываюць на вынікі выбараў, не было», былі «адзінкавыя факты». Напярэдадні ведамства паведаміла аб двух дзясятках парушэнняў выбарнага заканадаўства, у асноўным звязаных з галасаваннем грамадзян за іншых людзей. У дзень галасавання, як заяўляе пракуратура, былі аштрафаваны 18 сябраў участковых выбарчых камісій. ЦВК парушэнні не каментаваў.
Партыя «Аманат» (ранейшая назва «Нур Атан») была заснавана першым прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым у бытнасць яго на пасадзе і падтрымлівала яго палітыку, а цяпер падтрымлівае палітыку яго пераемніка Такаева. Пасля пратэстаў у студзені 2022 года Такаеў выйшаў з партыі, каб, як ён заявіў, дыстанцыявацца ад усіх палітычных сіл. Але партыя па-ранейшаму з'яўляецца прапрэзідэнцкай. Яе старшыня быў даверанай асобай Такаева на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе, выступаў замест яго на перадвыбарных дэбатах.