У Казахстане праходзяць выбары — першыя пасля Назарбаева. Ці чакаць дэмакратычных перамен?

Сёння ў Казахстане праходзяць выбары. Першыя пасля студзеньскіх пратэстаў 2022 года і падзення рэжыму Назарбаева. Нягледзячы на знешнюю ілюзію лібералізацыі, перазагрузкі палітычнай сістэмы не чакаецца.

Рознакаляровыя бюлетэні для галасавання на выбарах у Казахстане ў сакавіку 2023. Фота: Zakon.kz

Рознакаляровыя бюлетэні для галасавання на выбарах у Казахстане ў сакавіку 2023. Фота: Zakon.kz

 Усяго казахстанцам трэба будзе абраць 98 дэпутатаў парламента (па-казахску ён называецца Мажыліс) і прыкладна тры тысячы дэпутатаў мясцовых і рэгіянальных масхілатаў — то-бок саветаў. Частка дэпутатаў абіраецца па партыйных спісах, а частка — па аднамандатных тэрытарыяльных акругах.
Галасаванне закране ўсе ўзроўні ўлады, ад раённага і рэгіянальнага да нацыянальнага. Адсюль і вялікая колькасць бюлетэняў для галасавання. Каб выбаршчык не заблытаўся, кожны бюлетэнь мае асаблівы колер. Такая каляровая дыферэнцыяцыя выклікала іранічную рэакцыю ў сацыяльных сетках. Многім не зразумела, як будуць галасаваць людзі з дальтанізмам, якія не адрозніваюць некаторыя колеры.


Так ці інакш, у параўнанні з назарбаеўскімі часамі выбары выглядаюць не так прэсна. Дастаткова сказаць, што на адно месца дэпутата прэтэндуе прыкладна 15 кандыдатаў.
Рэанімацыі палітычнага працэсу садзейнічалі і папраўкі ў шэраг законаў. Перад выбарамі ў краіне спрасцілі працэдуру рэгістрацыі палітычных партыяў. У прыватнасці, рэгістрацыйны парог зніжаны ў чатыры разы, з 20 да 5 тысяч членаў. Працэнт праходжання партый у Мажыліс на гэты раз таксама знізілі — з 7 да 5. У выніку ўдзельнічаць у выбарах таксама атрымалі права незалежныя кандыдаты.


Аднак пры больш дэталёвым вывучэнні сітуацыі складваецца ўражанне, што лібералізацыя вельмі і вельмі дэкаратыўная.
Усе дапушчаныя да выбараў партыі з'яўляюцца прыхільнікамі праўрадавага лагера. Іх адрознівае толькі эксклюзіўная тэматыка, на якой будуецца перадвыбарная кампанія. Такім чынам партыя «Аманат» змагаецца за справядлівасць, партыя «Ауыл» за інтарэсы чалавека працы, партыю «Байтака» хвалююць праблемы экалогіі, «Ак Жол» заўзята патрабуе паважаць правы бізнесу і г. д.
Арыгінальна выглядае і спіс незалежных кандыдатаў. Так, многія кандыдаты, якія зарэгістраваліся на выбары ў якасці беспартыйных і незалежных, яшчэ нядаўна з'яўляліся або членамі той жа галоўнай назарбаеўскай партыі «Аманат», або засвяціліся ў іншых лаяльных на адрас улады праектах.
Такім чынам, адміністрацыя прэзідэнта па-ранейшаму мае магчымасць маніпуляваць ходам галасавання і вынікамі выбараў. Відавочна, што тыя вынікі наўрад нешта зменяць. Многія сумняваюцца, што ў парламенце пасля 19 сакавіка ўвогуле з'явіцца хаця б адзін незалежны дэпутат.


Можна меркаваць, што сапраўднай мэтай згаданых вышэй рэформ было стварэнне ілюзіі канкурэнцыі для замежных назіральнікаў. Гэта павінна дапамагчы прэзідэнту Касым-Жамарту Такаеву рэабілітавацца перад Захадам за жорсткі хапун у студзені 2022-га (тады было забіта 238 чалавек). Таксама выбары будуць садзейнічаць умацаванню яго рэжыму.
Па выніку Казахстан знешне ўжо не будзе выглядаць як назарбаеўская суперпрэзідэнцкая рэспубліка, хаця, як бачым, пакуль па факце ўсё застаецца як раней. Гэта ў сваю чаргу пакідае без адказу глабальнае пытанне: куды насамрэч вядзе краіну Такаеў?