«Адбываецца паўзучы захоп улады». Журналіст Аркадзь Бабчанка пакінуў Украіну
Такая інфармацыя вынікае з допіса, размешчанага на старонцы Бабчанкі ў фэйсбуку.
Расійскі журналіст Аркадзь Бабчанка эміграваў ва Украіну пасля падзеяў Еўрамайдана і ўзмацніўшыхся ў Расіі рэпрэсій супраць грамадскіх актывістаў і незалежных журналістаў. Бабчанка асвятляў падзеі ў Кіеве падчас Майдана, паслядоўна крытыкаваў расійскія ўлады за развязванне вайны на Данбасе, а таксама за ўзброеныя канфлікты ў Чачні, у якіх у свой час прымаў удзел. Сям'я Бабчанкі сутыкнулася з ціскам і пагрозамі, што вымусіла журналіста пераехаць ва Украіну.
3 лістапада Аркадзь Бабчанка паведаміў на старонцы ў фэйсбуку, што з'язджае з Украіны. «Украіна цяпер проста напічкваецца інсургентамі, ні на секунду не сумняваюся. У краіне паўзучы захоп улады, капітуляцыя і адкат у дзевяностыя — па аптымістычным сцэнары», — напісаў журналіст. Мяркуемае новае месца жыхарства Бабчанкі — Ізраіль.
Гучны інцыдэнт, звязаны з Бабчанкам, адбыўся ва Украіне вясной 2018 года. 29 мая спачатку СМІ, а затым і ўлады Украіны паведамілі, што Бабчанку нібыта застрэлілі на лесвічнай клетцы яго дома ў сталіцы Украіны.
На наступны дзень кіраўнік СБУ Васіль Грыцак заявіў, што інфармацыя пра забойства Бабчанкі была часткай спецаперацыі ўкраінскіх праваахоўнікаў, накіраванай на прадухіленне замаху на журналіста, а сам Бабчанка выйшаў да прысутных на брыфінг прадстаўнікам СМІ.
Аркадзь Бабчанка з'яўляецца незалежным журналістам, заснавальнікам праекту «Журналістыка без пасярэднікаў».
Паводле facebook.com