Вялікабрытанія. Адмоўны бок футболу

Аказваецца, пакуль усе атрымлівалі асалоду ад футбольных рэпартажаў з апошняга Кубка свету, псіхолагі актыўна працавалі.

Фота regnum.ru

Фота regnum.ru

У прыватнасці, у Англіі яны вывучалі ўплыў футбола на псіхалогію сямейных адносін — і ўсталявалі цікавую карэляцыю. Высветлілася, што гульні любімай каманды выклікаюць сямейныя канфлікты, якія часта заканчваюцца гвалтам.

Здавалася б, гэтую з’яву можна растлумачыць вельмі лёгка: каб кампенсаваць пройгрыш любімай каманды, муж уздымае руку на жонку.

Але, як высвятляецца, муж і жонка распускаюць рукі нават у выпадках, калі іх каманда выйграе. Паводле статыстыкі Нацыянальнага цэнтра па вывучэнні хатняга гвалту, калі зборная Англіі выйгравала, колькасць актаў сямейнага гвалту павялічвалася прыкладна на 26 працэнтаў. Калі прайгравала, то рост такіх выпадкаў дасягаў 38 працэнтаў.

Як змагацца з феноменам, пакуль ніхто не ведае. Хіба што на ВВС задумаліся наконт спецыяльнай сацыяльнай рэкламы. Плануюць перад трансляцыяй матчаў зборнай заклікаць чальцоў сям’і не наносіць адзін аднаму фізічных траўмаў.

Паводле брытанскай прэсы