«Адзіная Расія» вылучыла ў мясцовыя дэпутаты 55 чалавек з судзімасцямі
У Рэспубліцы Алтай мясцовае аддзяленне партыі «Адзіная Расея»
вылучыла ў якасці кандыдатаў у муніцыпальныя дэпутаты 55 чалавек з
судзімасцямі, піша Свабода.
Біяграфіі кандыдатаў падрабязна вывучыў партал Una Cultura на падставе дадзеных, апублікаваных рэгіянальным выбаркамам. Сярод тых, у каго былі праблемы з законам, ёсць і тры дзеючых чыноўнікі, якія плануюць абірацца на новы тэрмін. Некаторыя кандыдаты маюць некалькі судзімасцяў.
Большасць вылучаных сябраў партыі маюць судзімасці за крадзеж, растрату і хуліганства. Сярод іншых злачынстваў — угоны паветраных або водных судоў і нават чыгуначнага рухомага складу, а таксама пагроза забойства, заведама ілжывы данос, згвалтаванне.
Атрымаць каментар у рэгіянальным аддзяленні партыі «Адзіная Расія» карэспандэнту Свабоды не ўдалося. Па пазначаных на сайце тэлефонах ніхто не адказаў.
Выбары ў Рэспубліцы Алтай пройдуць 9 верасня.