Алі Агджа меўся забіць і Валенсу таксама

Польская прэса раскапала цікавую гісторыю. Калі ёй верыць, у студзені 1981-га году савецкія і балгарскія спецслужбы планавалі забойства ў Рыме Леха Валенсы – лідара прафсаюза Салідарнасць, які на той час дзейнічаў легальна.



mehmet_ali_agca.jpg

Мехмет Алі Агджа

Выканаць замах меўся той самы Мехмет Алі Агджа, турэцкі тэрарыст, які пазней страляў у Папу Рымскага. Вялікая роля ў аперацыі адводзілася Луіджі Скрычолла (Luigi Scricciolo), лідару італьянскага прафсаюзу Саюз Працы, які таксама быў сакрэтным агентам балгарскай разведкі.

Гэты прафцэнтр запрасіў Валенсу і групу яго калег у Італію быцццам для абмену вопытам. Паводле праграмы візіту ўвечары 18-га студзеня госці разам з Луіджы павінны былі зрабіць невялікую экскурсію па гораду. Менавіта падчас гэтага праменаду Мехмет Алі Агджа і павінен быў забіць Валенсу.

Аднак апошні чамусьці вырашыў застацца ў гатэлі, тым самым выратаваўшы сябе жыццё. Сябры Салідарнасці, якія пайшлі на тую прагулку, узгадваюць, што бачылі чалавека са зброяй, які нечакана рушыў у іх бок. Аднак пасля таго, як Скрычолла паказаў яму нейкі жэст, незнаёмы знік. Застаецца сказаць, што, будучы арыштаваным пасля замаху на Яна Паўла ІІ, на допытах Мехмет сапраўды прызнаваўся, што думаў забіць Валенсу, але пасля вырашыў, што панціфік больш салідная персона для замаху.

Паводле польскай прэсы