Анджэй Дуда: Польшча гатовая да размяшчэння ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрв’ю выданню Fakt заявіў, што тэма размяшчэння ядзернай зброі NATO у Польшчы абмяркоўваецца з іншымі ўдзельнікамі Паўночнаатлантычнага Альянсу. Ядзерная зброя ў краіне можа быць размешчаная ў рамках праграмы NATO Nuclear Sharing.
Журналісты спыталіся ў Дуды пра перамовы аб сумесным выкарыстанні ядзернай зброі з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў Амерыкі. Дуда адказаў наступным чынам:
«Гэта ўжо некаторы час з’яўляецца тэмай польска-амерыканскіх перамоваў. Я ўжо казаў аб гэтым некалькі разоў. Павінен прызнацца, што калі мяне пра гэта спыталі, я заявіў аб нашай гатоўнасці. Расія ўсё больш мілітарызуе Кёнігсбергскую акругу. Нядаўна яна перабазавала сваю ядзерную зброю ў Беларусь.
Калі нашы саюзнікі вырашаць размясціць ядзерную зброю ў рамках сумеснага выкарыстання ядзернай зброі таксама і на нашай тэрыторыі для ўмацавання бяспекі ўсходняга флангу NATO, мы да гэтага гатовыя. Мы з’яўляемся саюзнікам у Паўночнаатлантычным Альянсе і ў нас таксама ёсць абавязанні ў гэтым плане, а гэта значыць, што мы проста рэалізуем агульную палітыку».
NATO Nuclear sharing — гэта канцэпцыя ядзернага стрымлівання, прынятая ў блоку NATO. Яна прадугледжвае, што краіны, якія не маюць уласнай ядзернай зброі, могуць удзельнічаць у планаванні яе прымянення. Канцэпцыя прадугледжвае размяшчэнне ядзерных сіл на тэрыторыі краін, а таксама прыцягненне ўзброеных сіл гэтых краін да дастаўкі ядзернай зброі ў выпадку яе прымянення. У межах гэтай праграмы амерыканскія ядзерныя зарады размешчаныя на шасці базах у Бельгіі, Германіі, Італіі, Нідэрландах і Турцыі.
Яшчэ 25 сакавіка 2023 года кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква і Мінск дамовіліся размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, пра што «даўно прасіў» Аляксандр Лукашэнка. Паводле словаў прэзідэнта Расіі, будаўніцтва спецыяльнага сховішча для гэтых узбраенняў скончыцца да 1 ліпеня 2023 года.
9 чэрвеня Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам заявіў, што размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі пачнецца адразу ж пасля завяршэння 7−8 ліпеня падрыхтоўкі збудаванняў для яго.
Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу адзначаў, што Расія толькі размяшчае ядзерную зброю ў Беларусі, а не перадае кантроль над ёй. Таму рашэнне пра яе выкарыстанне застаецца за Масквой.