Апублікаваныя здымкі канвою ІД, які пакідае Манбідж пад прыкрыццём «жывога шчыта»

Паўстанцы, у тым ліку і курды, не рабілі супраць канвою ніякіх дзеянняў, паколькі, па дадзеных сірыйскай апазіцыі, у кожным аўтамабілі знаходзіліся мірныя жыхары.

Канвой ІД. Фота SDF

Канвой ІД. Фота SDF


Дэмакратычныя сілы Сірыі апублікавалі аэрафотаздымкі, на якіх зафіксавана, як баевікі экстрэмісцкай групоўкі "Ісламская дзяржава", выкарыстоўваючы цывільнае насельніцтва як жывы шчыт, пакідаюць горад Манбідж, паведамляе ВВС
На здымках бачны канвой з сотняў машын. Як сцвярджаюць апалчэнцы Дэмакратычных сілаў Сірыі, гэтыя здымкі былі зробленыя 12 жніўня.
Паўстанцы, у тым ліку і курды, не спрабавалі ніяк спыніць канвой ці перашкодзіць яму рухацца, паколькі, паводле сірыйскай апазіцыі, у кожным аўтамабілі знаходзіліся мірныя жыхары. Як мяркуецца, паказаны на здымках канвой скіроўваецца ад горада Манбідж ў бок мяжы з Турцыяй.

Канвой ІД. Фота SDF

Канвой ІД. Фота SDF


Сірыйскія дэмакратычныя сілы ўзялі поўны кантроль над горадам Манбідж пасля 10-тыднёвага наступу, які адбываўся пры падтрымцы авіяцыі кааліцыі, якую ўзначальвае ЗША.
Пасля таго як стала зразумела, што ІД не зможа ўтрымаць кантроль над горадам, каля 100–200 джыхадзістаў, што яшчэ заставаліся ў горадзе, арганізавалі канвой, размясціўшы ў кожнай машыне закладнікаў з ліку мірных жыхароў, паведаміў прадстаўнік ваеннай кааліцыі Крыс Гарвер.
Горад Манбідж, які знаходзіцца на мяжы з Турцыяй, з'яўляецца важным перавалачным пунктам на шляху да горада Рака, дзе знаходзіцца штаб ісламістаў.
Паўстанцы з Дэмакратычных сілаў Сірыі пры падтрымцы міжнароднай кааліцыі пачалі наступ на пазіцыі ІД на поўначы Сірыі 1 чэрвеня. Мэта аперацыі — перакрыць баевікам "Ісламскай дзяржавы" доступ да турэцкай мяжы.