Арменія. Акцыя пратэсту працягваецца, разгону не адбылося
На праспекце Баграмяна ў Ерэване працягваюцца акцыі пратэсту. Абяцаны начны разгон так і не адбыўся.
![default1.jpg default1.jpg](/img/v1/news/full/default1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мітынгоўцы адмовіліся прыбраць барыкады са смеццевых бакаў. Агучанае ўладамі патрабаванне маніфестанты сустрэлі гулам і крыкамі пратэсту, паведамляе news.am.
Палкоўнік паліцыі Арсен Айвазян запатрабаваў ад пратэстоўцаў вярнуць бакі са смеццем: «Прысвоена чужая маёмасць, якая павінна быць вернутая», — заявіў ён.
Натоўп на словы Айвазяна адказаў выкрыкамі: «Самі спачатку шануйце законы, а потым патрабуйце ў іншых».
У знак пратэсту моладзь стала стукаць па смеццевых баках нагамі і скандаваць: "Не аддадзім!».
Арсен Айвазян адзначыў, што распачата крымінальная справа па прыкметах арт. 185 ч. 3 «Наўмыснае знішчэнне або псаванне чужой маёмасці», у рамках якой прынята рашэнне канфіскаваць смеццевыя бакі кампаніі «Санітэк» на праспекце Баграмяна, паведамляе armtoday.info.
Ён адзначыў, што ў адпаведнасці з КК Арменіі ў бліжэйшы час супрацоўнікі паліцыі пачнуць адпаведныя следчыя мерапрыемствы. «Любая спроба перашкодзіць атрымае прававую ацэнку». Ён таксама адзначыў, што ў межах крымінальнай справы пакуль няма падазраваных ці абвінавачаных.