Аўтакратыя перамагла? Цень Дональда Трампа пужае амерыканскіх магнатаў
Выбары ў ЗША яшчэ не прайшлі — да іх засталося чатыры дні. Але ўжо дзе-нідзе Трамп перамог: амерыканскія мільярдэры так баяцца аказацца не на тым баку, што адмаўляюць у падтрымцы Камале Харыс.
Газета «The Washington Post» заявіла, што не падтрымае кандыдатку Камалу Харыс на пасаду прэзідэнта ЗША. Выдавец Уільям Льюіс патлумачыў гэтае рашэнне «вяртаннем да вытокаў газеты». Роберт Каган, аглядальнік і рэдактар аддзела меркаванняў, сышоў у адстаўку на знак пратэсту. «Media IQ» прыводзіць вытрымкі тлумачальнага артыкула пра тое, што пастанова не публікаваць ужо гатовы артыкул у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты была прынятая ўладальнікам «The Washington Post», заснавальнікам «Amazon» Джэфам Безасам.
Заява, што газета не будзе аказваць падтрымку на карысць кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, была агучана ўпершыню за 36 гадоў.
Рашэнне, абвешчанае за 11 дзён да выбараў, выклікала шматлікія спрэчкі і абмеркаванні, разгневаныя чытачы завалілі электронную пошту супрацоўнікаў скаргамі. Група з 11 аглядальнікаў «The Washington Post» падпісала артыкул, які асуджае гэтае рашэнне.
У калонцы, апублікаванай на сайце «The Washington Post» у пятніцу, выдавец і генеральны дырэктар Уільям Льюіс апісаў гэтае рашэнне як «вяртанне да вытокаў газеты» — непадтрымцы. Сапраўды, газета пачала рэгулярна падтрымліваць кандыдатаў у прэзідэнты пасля 1976 года. «Мы ўсведамляем, што гэта будзе вытлумачана па-рознаму, у тым ліку як маўклівае адабрэнне аднаго кандыдата, ці як асуджэнне іншага, ці як адмова ад адказнасці, — напісаў Люіс. — Мы не бачым гэтую сітуацыю такой. Мы лічым, што яна адпавядае каштоўнасцям, якія "The Washington Post" заўсёды адстойвала, і таму, чаго мы чакаем ад лідара: характару і мужнасці ў служэнні амерыканскай этыцы, шанавання вяршэнства закону і павагі да свабоды чалавека ва ўсіх яе аспектах».
Люіс таксама ахарактарызаваў гэтае рашэнне як «заяву ў падтрымку здольнасці нашых чытачоў прымаць уласныя рашэнні».
Праз некалькі гадзін пасля абвяшчэння група аглядальнікаў «The Washington Post», уключаючы лаўрэата Пулітцэраўскай прэміі Юджына Робінсана і былой намесніцы рэдактара рэдакцыйнай старонкі Рут Маркус, назвалі гэтае рашэнне «жудаснай памылкай», напісаўшы: «Гэта момант для газеты заявіць пра сваю прыхільнасць да дэмакратычных каштоўнасцей, вяршэнства закону і міжнародных альянсаў, а таксама пра пагрозу, якую ўяўляе для іх Дональд Трамп, — менавіта гэтыя моманты "The Washington Post" і мела на ўвазе, падтрымліваючы праціўнікаў Трампа ў 2016 і 2020 гадах».
Легенды «The Washington Post» Боб Вудвард і Карл Бернстайн выступілі з заявай, у якой гаворыцца: «Мы паважаем традыцыйную незалежнасць рэдакцыі, але гэтае рашэнне, прынятае за 12 дзён да прэзідэнцкіх выбараў 2024 года, ігнаруе ўласныя неабвержныя рэпартажныя доказы "The Washington Post" пра пагрозу, якую Дональд Трамп ўяўляе для дэмакратыі. Пад кіраўніцтвам Джэфа Безаса падраздзяленне навін "The Washington Post" выкарыстала свае шырокія рэсурсы для расследавання небяспекі і шкоды, якія другое прэзідэнцтва Трампа можа нанесці будучыні амерыканскай дэмакратыі, і гэта робіць гэтае рашэнне яшчэ больш дзіўным і расчаравальным, асабліва на познім этапе выбарчага працэсу».
Рашэнне «The Washington Post» стала другім выпадкам, калі буйное медыя адмовілася аказваць падтрымку ў гонцы паміж кандыдатам ад рэспубліканцаў, былым прэзідэнтам Дональдам Трампам і яго апаненткай ад дэмакратаў, віцэ-прэзідэнткай Камалай Харыс. Раней Патрык Сун-Шыёнг, мільярдэр, уладальнік «Los Angeles Times» заблакаваў запланаваную падтрымку Харыс, што прывяло да адстаўкі рэдактара артыкулаў газеты.
Артыкул у падтрымку Камалы Харыс быў падрыхтаваны супрацоўнікамі рэдакцыі «Post», але не апублікаваны. Рашэнне не публікаваць артыкул у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты было прынята ўладальнікам «The Washington Post», заснавальнікам «Amazon» Джэфам Безасам.
«Гэта было агульнае рашэнне "The Washington Post" не аказваць падтрымку», — заявіла дырэктарка па камунікацыях Кэці Бэрд і прапанавала азнаёміцца з поўным тэкстам заявы выдаўца.
Прэс-сакратарка выдання паведаміла, што «The Washington Post» у будучыні плануе працягнуць публікацыю рэкамендацый на выбарах, уключаючы мясцовыя.
Аднак рэдакцыйная калегія газеты была пастаўлена перад фактам ужо прынятага рашэння рэдактарам раздзела меркаванняў Дэвідам Шыплі. Адзначаецца, што пасяджэнне было напружаным. Некалькі членаў савета выказалі сваю нязгоду. Рашэнне рэзка кантраставала з тым, за што ўсяго некалькі дзён таму два лідары меркаванняў «The Washington Post» – член рэдакцыйнай калегіі Дэвід Хофман і калумніст Уладзімір Кара-Мурза – атрымалі Пулітцэраўскія прэміі.
«Гэта свайго кшталту папераджальнае пакланенне калена перад тым, каго яны лічаць верагодным пераможцам, — сказаў Каган. — Любы, хто з'яўляецца такой жа часткай амерыканскай эканомікі, як Безас... відавочна хоча мець добрыя адносіны з тым, хто знаходзіцца ва ўладзе. Гэта спроба не аказацца на няправільным баку Дональда Трампа».
Гільдыя «Washington Post», якая прадстаўляе супрацоўнікаў рэдакцый, апублікавала заяву, у якой гаворыцца, што яе чальцы занепакоеныя тым, што «The Post» «прыме пастанову больш не падтрымліваць кандыдатаў у прэзідэнты ўсяго за 11 дзён да выбараў».
«Роля рэдакцыйнай калегіі заключаецца ў абмене думкамі пра навіны, якія ўплываюць на наша грамадства і культуру, і падтрымліваць кандыдатаў, каб дапамагчы і накіраваць чытачоў, — гаворыцца ў заяве. — Паведамленне ад нашага генеральнага дырэктара Уіла Льюіса — не ад рэдакцыйнай калегіі — прымушае нас турбавацца аб тым, што кіраўніцтва ўмяшалася ў нашу працу».
Пісьменнік Стывен Кінг і акцёр Джэфры Райт паведамілі, што адмяняюць свае падпіскі. Сьюзан Райс, якая была дарадцам па нацыянальнай бяспецы пры прэзідэнце Бараку Абаме і былым дарадцам па ўнутранай палітыцы ў Белым доме Джо Байдэна, напісала ў «X»: «Як ураджэнка акругі Калумбія і пажыццёвая падпісчыца "Post", я абураная. Вы нас страцілі».
Два былыя выканаўчыя рэдактары «The Washington Post» таксама выступілі з рэзкай крытыкай.
«Гэта баязлівасць, момант цемры, які робіць дэмакратыю ахвярай. Дональд Трамп успрыме гэтую сітуацыю як запрашэнне да далейшага запалохвання ўладальніка "The Post" Джэфа Безаса і іншых уладальнікаў СМІ, — напісаў у тэкставым паведамленні «The Washington Post» былы выканаўчы рэдактар Марцін Барон, які ўзначальваў газету, пакуль Трамп быў прэзідэнтам. — Гісторыя адзначыць трывожную главу бесхрыбетнасці ў газеце, якая славіцца сваёй адвагай».
Маркус Браўхлі, рэдактар «The Post» з 2008 па 2012 гады, напісаў у электронным лісце, што «рашэнне выглядае баязлівым. Чытачы чакаюць, што рэдакцыі і рэпарцёры раскажуць ім, што адбываецца, яны чакаюць ад рэдакцый дапамогі ў тым, каб журналісты разважалі пра складаныя падзеі і рабілі абгрунтаваныя высновы. У кампаніі, перапоўненай хлуснёй і дэзінфармацыяй, каштоўнасць добра прадуманай падтрымкі вялікая як ніколі».
Раней «Los Angeles Times» таксама сутыкнулася з негатыўнай рэакцыяй чытачоў праз рашэнне Сун-Шыёнга не публікаваць артыкул у падтрымку Камалы Харыс. Біятэхналагічны магнат заявіў, што хоча, каб рэдакцыйная калегія падала аналіз палітыкі кожнага кандыдата для таго, каб даць чытачам «ясную і бесстароннюю інфармацыю». Гэтае рашэнне пацягнула за сабой адстаўку рэдактаркі Марыэль Гарза, якая заявіла, што гэты крок прымусіў газету выглядаць «баязлівай і крывадушнай».
Дачка Сун-Шыёнга Ніка Сун-Шыёнг напісала ў сацыяльных сетках: рашэнне не падтрымліваць кандыдата «выклікала спрэчкі і блытаніну», — і намякнула, што гэтае рашэнне звязана з палітыкай адміністрацыі Байдэна-Харыс у дачыненні да Ізраіля і Газы.
Роберт Каган у інтэрв'ю «Daily Beast» заявіў, што рашэнне Джэфа Безаса — гэта частка здзелкі з Трампам, якую можна ахарактарызаваць як паслугу. Безас — другі ў свеце па багацці чалавек пасля Ілана Маска, які стаў бачным прыхільнікам кампаніі Трампа за другое прэзідэнцтва. У 2013 годзе ён купіў «The Washington Post» за 250 млн. долараў.
Як піша «The Guardian», многія адзначылі, што пазіцыі «The Post» і «LA Times», відаць, адпавядаюць вызначэнню «прэвентыўнага падпарадкавання», апісанага ў бэстсэлеры Ціма Снайдэра «Пра тыранію». Снайдэр вызначае гэты тэрмін як «перадачу сваёй улады лідару, які імкнецца да аўтарытарызму» да таго, як аўтарытарызм акажацца ў стане прымусіць да гэтай перадачы.
Каманда карыкатурыстаў «The Washington Post» адпомсціла газеце за рашэнне пазбегнуць афіцыйнай падтрымкі кандыдата ў прэзідэнты, размясціўшы цёмны бясформенны малюнак, што высмейвае слоган «Дэмакратыя памірае ў цемры», які выданне прыняло ў часы праўлення мільярдэра Джэфа Безаса.