Бацькі расійскіх салдат тэрміновай службы расказалі пра гібель сыноў на крэйсеры «Масква»
Бацькі некалькіх расійскіх салдат тэрміновай службы расказалі журналістам, што пасля гібелі крэйсера «Масква» не могуць даведацца ад Мінабароны пра лёс сваіх дзяцей, якія служылі на ім.
Жыхар Ялты Дзмітрый Шкрабец першым паведаміў пра ўнясенне сына-матроса ў спіс зніклых без вестак, а ў панядзелак, 18 красавіка, апублікаваў яшчэ адзін допіс у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Паводле яго слоў, з ім звязаліся сем'і з Ялты, Алупкі і Санкт-Пецярбурга, «у якіх дзеці — таксама зніклыя без вестак, таксама тэрміновай службы». «Сёння разам напісалі заявы ў мясцовым ваенкамаце, заўтра яны будуць у ваенным камісарыяце Сімферопаля», — напісаў Шкрабец.
Выданне «Агенство» 17 красавіка знайшло яшчэ адзін допіс у «ВКонтакте» са згадваннем зніклага без вестак вайскоўца з крэйсера «Масква». Пра гэта напісала жыхарка Пецярбурга Ульяна Тарасава. Гэты допіс цяпер выдалены.
Новыя зніклыя «тэрміновікі»
Маналог яшчэ адной жанчыны, чый сын, паводле яе слоў, быў салдатам тэрміновай службы на «Маскве», апублікавала выданне «Новая газета — Европа». Яе сын звязаўся з ёю на наступны дзень пасля гібелі крэйсера і расказаў, што карабель быў падбіты ракетамі. «Загінулі каля сарака чалавек. Некалькі чалавек прапалі без вестак. І вельмі шмат параненых», — пераказвае яна расповед сына.
Журналісты праекта «Схемы» ад расійскага «Радыё Свабода» звязаліся з жонкай 41-гадовага мічмана Івана Вахрушава, які служыў на «Маскве». Яна расказала ім, што пра смерць мужа даведалася «ад камандавання». Паводле яе слоў, без вестак зніклі 27 членаў экіпажа крэйсера.
Камандзір крэйсера перастаў выходзіць на сувязь
Напярэдадні, 17 красавіка, Дзмітрый Шкрабец напісаў на сваёй старонцы ў «ВКонтакте», што яго сын Ягор праходзіў тэрміновую службу на крэйсеры «Масква». Паводле слоў Дзмітрыя, пра знікненне сына яму расказаў «камандзір крэйсера», які затым перастаў выходзіць на сувязь.
На службу Ягор Шкрабец, паводле слоў бацькі, быў прызваны ў ліпені 2021 года, і на крэйсеры «Масква» ён быў карабельным кокам. Расійскае «Радыё Свабода» знайшло згадку пра кока Ягора Шкрабца ў снежаньскім нумары газеты Балтыйскага флота «Вартавы Балтыкі». На фотаздымку ў артыкуле — той жа малады чалавек, што і ў допісе Дзмітрыя Шкрабца.
Яго жонка расказала выданню «The Insider», што яны беспаспяхова спрабавалі даведацца пра лёс сына ў вайсковай частцы і ў мясцовым аддзяленні ФСБ. «Мы паехалі ў частку, у частцы выйшаў камандзір, рукамі развёў і кажа: "Нічога вам не скажу". Я пытаю: "Дзе мой сын?" — а ён: "Ну, у моры дзесьці". Муж пачаў абурацца: "Што значыць у моры? А ты дзе быў?" — "А я ўвогуле быў не там". Гэтыя камандзіры не былі на караблі», — распавяла яна.
На крэйсеры «Масква» служылі да 500 чалавек
Украінскія ўлады 13 красавіка паведамілі аб удары ракетамі «Няптун» па флагманскім крэйсеры Чарнаморскага флоту «Масква». На наступны дзень Мінабароны Расіі паведаміла, што карабель «затануў пры буксіроўцы». Ведамства сцвярджае, што «праз пашкоджанні корпуса, атрыманыя ў ходзе пажару ад дэтанацыі боезапаса» карабель страціў устойлівасць і затануў «ва ўмовах штармавога хвалявання мора».
Мінабароны Расіі афіцыйна не паведамляла пра загінулых на патанулым крэйсеры, дало справаздачу толькі, што экіпаж быў «цалкам эвакуяваны». 16 красавіка Мінабароны апублікавала відэа без гуку сустрэчы экіпажа крэйсера з галоўнакамандуючым ВМФ адміралам Мікалаем Яўменавым. На пляцы, паводле розных падлікаў, знаходзілася ад 100 да 150 чалавек. Пры гэтым колькасць каманды крэйсера ў розныя гады, паводле афіцыйнай інфармацыі, была ад 400 да 500 чалавек. На цырымоніі развітання з крэйсерам быў жалобны вянок з надпісам «Караблю і маракам».
«Масква» быў флагманам расійскага Чарнаморскага флоту. На яго ўзбраенні стаялі 16 супрацькарабельных ракет комплексу П-1000 «Вулкан» з радыусам дзеяння не менш за 700 км, дальнабойныя комплексы СПА С-300 «Форт».
Падчас расійскага нападу на Украіну крэйсер удзельнічаў у атацы на востраў Змяіны ў Адэскай вобласці. Менавіта на прапанову «Масквы» здацца «рускаму ваеннаму караблю» прагучала фраза«Рускі ваенны карабель, ідзі *****!», якая стала адным з сімвалаў вайны.
Паводле dw.com.