Беларусы за год не сталі менш шчаслівымі

У штогадовым рэйтынгу World Happiness Report 2021 Беларусь заняла 75-е месца, як і годам раней.

ep4umjg.jpg

У параўнанні з рэйтынгам мінулага года мы не сталі ні больш шчаслівым, ні болей няшчаснымі - засталіся на 75-м месцы. Тады, нагадаем, гэта быў рэкорд: краіна ў рэйтынгу шчасця паднялася адразу на 6 пунктаў - з 81-га на 75 месца. Раней шэсць гадоў запар мы толькі гублялі пазіцыі і апусціліся з 59-га месца на 81-е.
Самай шчаслівай чацвёрты год запар стала Фінляндыя. У першай пяцёрцы таксама Данія, Швейцарыя, Ісландыя, Нідэрланды.
Нашы бліжэйшыя суседзі размясціліся, у асноўным, значна вышэй: Літва на 38-м месцы, Польшча на 34-м, Латвія на 51-м. На пазіцыю ніжэй беларусаў - расіяне (76-е месца), украінцы апынуліся толькі на 110-м месцы.
Самым няшчасным стаў Афганістан (149-ый), за якім ідуць Лесота, Батсвана, Руанда і Зімбабвэ.
Пры гэтым, як адзначаюць даследчыкі, свет у цэлым стаў больш нешчаслівы: індэкс шчасця зваліўся з 48 працэнтных пунктаў да 40. У траціны краін значна ўзрос узровень негатыўных эмоцый, што спецыялісты звязваюць з наступствамі пандэміі.
Рэйтынг краін свету па ўзроўні шчасця (World Happiness Report) - гэта міжнародны даследчы праект, які вымярае паказчык шчасця насельніцтва ў краінах свету. Пры складанні рэйтынгу ўлічваюцца такія паказчыкі дабрабыту, як узровень ВУП на душу насельніцтва, чаканая працягласць жыцця, наяўнасць грамадзянскіх свабод, пачуццё бяспекі і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, стабільнасць сем'яў, гарантыі занятасці, узровень карупцыі, а таксама ўскосныя паказчыкі стану грамадства, такія як узровень даверу, велікадушнасць і шчодрасць.