Бразілія. Карнавал за дыктатуру

Славуты бразільскі карнавал, што праходзіць у лютым, не абышоўся без палітыкі.

Фота REUTERS, Pilar Olivares

Фота REUTERS, Pilar Olivares

Папулярнае мерапрыемства вырашылі выкарыстаць сябры правай групоўкі «Direita São Paulo», якія спрабавалі арганізаваць свой блок на танцораў у Сан-Паўлу. 

Танцуючы самбу, актывісты мелі намер давесці, што вайсковая дыктатура, якая панавала ў краіне ў 1964–1985 гадах, была не такім ужо і кепскім эпізодам у гісторыі краіны. 

Пры гэтым падкрэслівалася, што акцыя, якую назвалі «Самае вялікае антыкамуністычнае паці», — адказ на спробы палітызацыі карнавалу з боку левых. Апошнія ў рытмах танцу, наадварот, заклікаюць шанаваць памяць ахвяр вайскоўцаў. 

Дэпартамент мэрыі Сан-Паўла, які адказвае за карнавал, праўда, такой логікі не зразумеў і забараніў правым іх удзел у свяце. Мясцовая прэса падтрымала рашэнне. 

У карнавале таксама ўдзельнічаюць анархісты, якія б дакладна паспрабавалі атакаваць блок, арганізаваны «Direita São Paulo». 

Тым не менш апісаная спроба перагледзець спадчыну дыктатуры сведчыць пра крызіс бразільскай дэмакратыі, якой апошнім часам уласцівыя бясконцыя карупцыйныя скандалы з удзелам вышэйшага кіраўніцтва краіны.

Паводле партугальскай прэсы