Будапешцкі Трамп. 25 гадоў таму Орбан стаў прэм’ерам Венгрыі, дзе будуе «мафіёзную» аўтакратыю
25 гадоў таму Віктар Орбан упершыню стаў прэм'ер-міністрам Венгрыі. За гэты час адносіны паміж ім і Еўрасаюзам дэградавалі настолькі, што Будапешт збіраюцца пазбавіць старшынства ў Савеце ЕС.
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан працягвае ўстаўляць
палкі ў колы ЕС і пры вырашэнні пытання аб новых санкцый супраць Расіі, і пры ўхваленні чарговых пакетаў дапамогі
Украіне. Але, акрамя гэтага, апошняга хаўрусніка Крамля ў Еўропе ўвесь час
крытыкуе Брусeль за парушэнні вяршэнства права ў Венгрыі і квітнеючую карупцыю.
Канфлікт зайшоў настолькі далёка, што ўпершыню ў гісторыі Еўрасаюза ў Бруселі сур'ёзна задумаліся пазбавіць Венгрыю права старшынства ў адным з ключавых палітычных органаў ЕС — Савеце міністраў. Кожныя паўгода кіраўнік гэтага органа змяняецца па прынцыпе ратацыі. І чарга Венгрыі прыйдзецца на досыць важны перыяд — другое паўгоддзе 2024 года, адразу пасля чарговых выбараў у Еўрапарламент.
Гергей Нілаш, журналіст незалежнага венгерскага выдання Telex.hu, спецыяльна для выдання «Новая газета. Еўропа» разбіраўся, што можа паспрабаваць зрабіць Віктар Орбан на пасадзе старшыні Рады ЕС і ці пойдзе гэтым разам Брусeль да канца ў супрацьстаянні з Будапештам.
6 ліпеня 1998 года 35-гадовы Віктар Орбан упершыню ўзначаліў урад Венгрыі дзякуючы перамозе на парламенцкіх выбарах яго партыі «Фідэс». На працягу першага тэрміну аднаго з самых маладых прэм'ер-міністраў у гісторыі краіны Будапешт праводзіў няпростыя эканамічныя рэформы, ператвараў Міністэрства эканомікі ў «суперведамства», адмяніў плату за навучанне ў ВНУ на венгерскай мове і паспеў уступіць у НАТА.
Нягледзячы на спробу цэнтралізацыі медыя і іншыя аўтарытарныя тэндэнцыі «Фідэс» прайграў наступныя выбары ў 2002 годзе, і на пасаду прэм'ера — але цяпер ужо на доўгія гады — Орбан вярнуўся толькі ў 2010-м. Апошнія 13 гадоў, паводле ацэнак палітолагаў, Орбан будуе ў Венгрыі «мафіёзную» дзяржаву.
Пастаянныя праблемы з вяршэнствам закона, падпарадкаванне большасці незалежных медыя, разбурэнне аўтаноміі судовай улады і выкарыстанне сістэмы дзяржаўных закупак для выбудоўвання шматузроўневай сістэмы палітычнай карупцыі прывялі да таго, што Будапешт усе апошнія гады пастаянна падвяргаецца крытыцы з Бруселя. Да 2023 года глыбіня расколу паміж Венгрыяй і астатнімі краінамі ЕС дасягнула новай адзнакі: Еўрапарламент прагаласаваў за рашэнне пазбавіць Венгрыю права старшынства ў Савеце ЕС у другой палове 2024 года.
Згодна з канструкцыяй палітычнай сістэмы Еўрасаюза, кожная з краін-членаў становіцца старшынёй аднаго з двух заканадаўчых органаў ЕС — Савета міністраў — на паўгода па прынцыпе ратацыі. Папярэдняе старшынства Венгрыі прыйшлося на 2011 год, калі адносіны паміж Будапештам і Бруселем толькі пачалі псавацца. Чарговае права вызначаць парадак дня ў Савеце ЕС павінна перайсці Віктару Орбану 1 ліпеня 2024 года, адразу пасля старшынства Бельгіі ў першай палове наступнага года і Іспаніі, якая заняла гэту пасаду некалькі дзён таму.
Рэзалюцыя Еўрапарламента мае хутчэй сімвалічнае значэнне і не прывядзе да аўтаматычнага пазбаўлення Венгрыі права на старшынства. Механізм прыняцця такога рашэння на ўзроўні ЕС у цэлым не адпрацаваны. Тым не менш за рэзалюцыю прагаласавала адразу пяць партыйных груп унутры Еўрапарламента, што паказвае, наколькі многа дэпутатаў з розных краін раздражняюць дзеянні Віктара Орбана.
АнтыУкраіна
Віктар Орбан, які пачынаў сваю кар'еру з ліберальных поглядаў, з гадамі ператвараецца ва ўсё большага кансерватара, што выбудоўвае ідэалогію сваёй партыі «Фідэс» вакол абароны хрысціянскіх каштоўнасцей і венгерскага нацыяналізму. За 25 гадоў у палітыцы Орбан страціў хаўруснікаў з ліберальнага лагера, а пасля пачатку вайны ва Украіне стаў губляць падтрымку і ў шэрагах еўрапейскіх кансерватараў з-за невыразнай пазіцыі Будапешта па ключавых пытаннях, звязаных з падтрымкай Кіева.
Урад Венгрыі з самага пачатку ўварвання Расіі ва Украіну выказваўся супраць заходніх санкцый у дачыненні да Масквы, хоць усе першыя санкцыйныя пакеты Будапешт беспярэчна падтрымаў. Тым не менш дзякуючы заступніцтву Орбана не ўсе расійскія афіцыйныя асобы, якія падтрымліваюць уварванне (напрыклад, патрыярх Кірыл), своечасова аказваюцца пад персанальнымі санкцыямі.
Орбан пастаянна крытыкуе пастаўкі зброі Украіне, сцвярджаючы, што вайна праз гэта і не сканчаецца. Сам Будапешт не толькі не дае Кіеву зброі, але і не прапускае пастаўкі з іншых краін ЕС праз сваю тэрыторыю. У той жа час, наадварот, Будапешт прымае ў сябе ўкраінскіх салдат, якія трапілі ў расійскі палон, з Закарпацця — рэгіёна Украіны, дзе пражывае венгерскамоўная меншасць. Пры гэтым пра дэталі гэтага абмену Будапешт фактычна не інфармуе Кіеў.
Нядаўна венгерскі ўрад таксама арганізаваў цэлую рэкламную кампанію па дыскрэдытацыі ідэі еўрапейскіх санкцый супраць Расіі. «Брусельскія санкцыі» маляваліся на білбордах бомбамі, якія ляцелі ў кірунку Венгрыі. Пры гэтым пра сапраўдныя расійскія бомбы, якія падаюць на ўкраінскія гарады, на гэтых плакатах не гаварылася ні слова.
Антыдэмакратыя
Але прэтэнзіі большасці еўрапейскіх краін да Орбана не сканчаюцца толькі на відавочна добразычлівай пазіцыі Венгрыі ў адносінах да Расіі. Рэжым Орбана і да вайны крытыкаваўся за шматлікія адступленні ад еўрапейскіх каштоўнасцей і прынцыпаў вяршэнства права.
У 2022 годзе Брусель прыдумаў інструмент, які павінен прымусіць некаторыя краіны-чальцы ЕС аднавіць частку парушаных палітычных правоў. Інструмент атрымаў назву «механізм перадумоў», і галоўны яго сэнс у тым, каб увязаць паміж сабой абавязацельствы члена ЕС імплементаваць рэформы і трансфер новых грошай для гэтай дзяржавы з агульнаеўрапейскага бюджэту.
Задзейнічаўшы «механізм перадумоў» мінулай восенню, Брусель замарозіў каля 25 млрд еўра, якія былі прадугледжаны для Венгрыі ў бюджэце ЕС на 2021-2027 гады.
Пры намінальным ВУП Венгрыі ў памеры крыху большым за 180 млрд еўра такі аб'ём замарожаных грошай сур'ёзна падрывае магчымасці рэжыму Орбана праводзіць запланаваныя пасля пандэміі стымулявальныя і сацыяльныя выплаты.
Нягледзячы на тое, што Венгрыя часам спрабуе рабіць крокі, на якіх настойвае Еўракамісія, напрыклад, план па рэфармаванні сістэмы дзяржзакупак, у рэчаіснасці сітуацыя не мяняецца ўжо каля паўгода. Брусель не размарожвае выплаты Будапешту. Будапешт спрабуе тарпедаваць кожную ініцыятыву ЕС і НАТА — ад прадастаўлення чарговага пакета фінансавай дапамогі Украіне да прыняцця Швецыі ў Паўночнаатлантычны альянс.
Для таго, каб адцягнуць увагу насельніцтва ад нарастання эканамічных праблем, якія ўзмацніліся як з-за вайны ва Украіне, так і з-за недахопу ў венгерскім бюджэце выплат з еўрапейскіх фондаў, Орбан спрабуе больш актыўна абапірацца на кансерватыўныя каштоўнасці.
Апошні вялікі скандал выклікаў прыняты ў Венгрыі закон «Аб абароне дзяцей». Ён прадугледжвае забарону на выкарыстанне ў школах і іншых установах літаратуры або матэрыялаў, у якіх утрымліваецца інфармацыя пра людзей ЛГБТК+, іх адносіны і трансгендарны пераход. Тэкст законапраекта першапачаткова быў напісаны так, што заахвочваў даносы пра выпадкі парушэння закона, напрыклад, школамі або бібліятэкамі, а таксама фактычна забараняў на ўроках сексуальнай асветы казаць пра сам факт існавання персон ЛГБТК+. Па сваёй сутнасці венгерскі закон вельмі падобны на расійскі закон аб «супрацьдзеянні ЛГБТ-прапагандзе сярод непаўналетніх».
Працэс абмеркавання гэтага закона выклікаў у Будапешце хвалю пратэстаў у 2021 годзе. Улетку таго ж года Еўракамісія запусціла працэдуру парушэння (infringement procedure) супраць Венгрыі праз ушчамленне правоў сексуальных меншасцей, фактычна прыпыніўшы магчымасць імплементацыі закона на тэрыторыі краіны. Перамовы паміж Бруселем і Будапештам не прывялі ні да якіх вынікаў, і ў выніку Еўракамісія падала пазоў у суд ЕС у Люксембургу. Разгляд пазову пачаўся ў 2022 годзе, але само рашэнне будзе вынесена не раней чым праз год. Да ціску на Будапешт па гэтым пытанні падключыліся 15 краін-чальцоў ЕС і Еўрапарламент.
Аднак усю крытыку, што атрымлівае Будапешт з Бруселя ў адказ на свае дзеянні, Орбан выкарыстоўвае ў тым ліку для таго, каб прадэманстраваць свайму ядзернаму электарату, што ЕС цісне на Венгрыю не з-за праблем з карупцыяй і вяршэнствам права, а таму, што «ліберальная Еўропа» спрабуе прымусіць Венгрыю адвярнуцца ад «спрадвечных хрысціянскіх каштоўнасцей».
Новы Трамп
Менавіта на гэтым фоне большасць краін ЕС у рэчаіснасці не разумее, як ультракансерватыўны і абвінавачаны ў карупцыі рэжым Віктара Орбана будзе старшынстваваць у адным з заканадаўчых органаў усяго Еўрасаюза — Савеце міністраў. Роля старшыні хоць і лічыцца хутчэй цырыманіяльнай, на справе ўсё ж не пустая фармальнасць. Венгрыя зможа ўплываць на парадак дня абмеркаванняў і задаваць тон дыскусіям на працягу паўгода.
І ўсё гэта можа адбыцца ў важны для ЕС перыяд — з ліпеня па снежань 2024 года, гэта значыць, адразу пасля выбараў у Еўрапейскі парламент, калі парадак дня будзе ў асноўным напоўнены абмеркаваннем новых прызначэнняў і перафарміраваннем складу еўрапейскіх інстытутаў. Старшыня Савета ЕС фармальна не зможа паўплываць на сам працэс прызначэнняў, але ёсць асцярогі, што на этапе перамоў адносна кандыдатаў на самыя важныя пасады Орбан усё ж зможа прасунуць свае інтарэсы. Тым больш прэм'ер-міністр Венгрыі за свае больш чым 30 гадоў у палітыцы і апошнія дзесяць гадоў вельмі напружаных адносін з Бруселем паказаў сябе дасведчаным гульцом, які з лёгкасцю маніпулюе выбудаваным у ЕС складаным і перагружаным працэсам прыняцця рашэнняў.
У сувязі з гэтым, калі да ліпеня 2024 года
супрацьстаянне Будапешта з Еўракамісіяй будзе заставацца такім жа вострым,
Орбан можа прыдумаць нейкі спосаб сур'ёзна нашкодзіць адзінству ЕС і
разбалансаваць палітычную сістэму падобна таму, як гэта зрабіў Дональд Трамп з
ЗША падчас свайго прэзідэнцтва.