Чачня. Кадыраў узначаліў 100-тысячнае шэсце з нагоды дня нараджэння Пуціна
У Грозным адбылося шматтысячнае шэсце, прымеркаванае да дня нараджэння прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў. Фота: Fotobank / Getty Images
Паводле падлікаў паліцыі, у ім бралі ўдзел каля 100 тысяч чалавек. Калоны актывістаў на чале з Рамзанам Кадыравым прайшлі ад плошчы Хвілінка па праспекце Ахмата Кадырава да цэнтральнай плошчы
У руках маніфестанты неслі транспаранты, сцягі РФ і Чачні, партрэты першага прэзідэнта Чачні, героя Расіі Ахмата-Хаджы Кадырава. Яны скандавалі: «Расія!», «Чачня!», гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўрада Чачэнскай Рэспублікі. Пасля заканчэння шэсця на цэнтральнай плошчы Грознага запланаваны святочны канцэрт.
Рамзан Кадыраў адсвяткаваў свой дзень нараджэння два дні таму. Па традыцыі, гэтае свята супала з Днём горада. У ранейшыя гады 5 кастрычніка ў Грозны прыязджалі галівудскія зоркі. У гэты раз паведамленняў пра заходніх гасцей не паступала.
Дзень горада быў азмрочаны выбухам, які зладзіў 19-гадовы тэрарыст-смяротнік. У выніку загінулі пяць паліцыянтаў, яшчэ 13 чалавек атрымалі раненні.
Кадыраў неаднаразова распавядаў пра сваё захапленне Пуціным. «Пры жыцці бацькі ён [Ахмат-Хаджы Кадыраў загінуў у выніку тэракту ў Грозным 9 мая 2004 года] быў маім кумірам, а пасля яго смерці такім стаў Пуцін», — казаў кіраўнік Чачні ў інтэрв'ю Інтэрфаксу.
«Калі б не ён, то і мяне не стала б. У мяне было шмат ворагаў пасля гібелі майго бацькі», — тлумачыў Кадыраў.
Пуцін таксама неаднаразова заяўляў аб падтрымцы Рамзана Кадырава.
У гонар Пуціна ў Грозным названы адзін з цэнтральных праспектаў.
Паводле rbc.ru