Ці паедуць беларускія вайскоўцы абараняць Арменію?

Арменія папрасіла дапамогі ў АДКБ з-за канфлікту з Азербайджанам. На што рэальна можа разлічваць Ерэван з боку як усёй арганізацыі, так і Беларусі?

nagorno_karabakh_conflict.png

Ці варта Арменіі разлічваць на рэальную падтрымку з боку Мінска? Гэта «Нямецкая хваля» высвятляла ў экспертаў.

Абстаноўка на армяна-азербайджанскай мяжы працягвае заставацца напружанай, хоць на гэты момант там, як выказаўся 16 верасня на пасяджэнні ўрада прэм'ер Арменіі Нікол Пашынян, «адносна спакойна».

Між тым падчас боесутыкненняў ваенных Азербайджана і Арменіі, што здарыліся ў ноч на 13 верасня, загінулі, па афіцыйных даных, 135 армянскіх і 71 азербайджанскі вайсковец.

15 верасня ў Ерэване паведамілі пра дасягненне перамір'я з Баку. Яшчэ да гэтага Пашынян звярнуўся па дапамогу да АДКБ, сябрам якой з'яўляецца і Беларусь. І калі падчас масавых пратэстаў і беспарадкаў у Казахстане ў студзені 2022 года Аляксандр Лукашэнка быў адным з ініцыятараў адпраўкі міратворцаў у Алматы, то ў выпадку канфлікту з Азербайджанам Арменіі наўрад ці варта разлічваць на рэальную падтрымку з боку Мінска, лічаць эксперты.

«Пра адпраўку міратворчага кантынгенту гаворкі не ідзе»

13 верасня Мінабароны Арменіі паведаміла, што Азербайджан пачаў абстрэл памежных армянскіх населеных пунктаў. Баку ў адказ абвінаваціў Ерэван у маштабнай дыверсіі і правакацыях на мяжы. Гэтым разам баявыя дзеянні закранулі тэрыторыю Арменіі, а не Нагорнага Карабаха, над значнай часткай якога Азербайджан усталяваў кантроль па выніках вайны восені 2020 года.

Таму ўлады Арменіі звярнуліся ў Арганізацыю дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), у статуце якой запісана, што пры нападзе на адну з краін-удзельніц пагаднення іншыя ўдзельнікі па просьбе гэтай дзяржавы «неадкладна прадастаўляюць неабходную дапамогу, уключаючы ваенную». Аператыўная група Аб'яднанага штаба АДКБ ужо прыбыла ў Арменію. Яе кіраўнік Анатоль Сідараў заявіў, што «пра адпраўку міратворчага кантынгенту гаворкі не ідзе».

Як дапаможа АДКБ?

«АДКБ — гэта, хутчэй, рытуал, — мяркуе эксперт па праблемах бяспекі, кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. — Гэта не першы выпадак, калі Азербайджан наносіць артылерыйскія ўдары па тэрыторыі Арменіі, упершыню гэта адбылося ў красавіку 2016 года. Тады ў АДКБ нават не змаглі прыняць заяву на гэты конт».

На Саміце арганізацыі, які адбыўся 16 траўня, прэм'ер-міністр Арменіі Пашынян раскрытыкаваў пазіцыю АДКБ падчас вайны ў Нагорным Карабаху і назваў праблемай продаж краінамі-чальцамі АДКБ зброі Азербайджану, які ў 2020 годзе эфектыўна выкарыстаў у Нагорным Карабаху ўзбраенні беларускай і расійскай вытворчасці — артылерыю і рэактыўныя сістэмы залпавага агню. Акрамя таго, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан, будучы сябрамі АДКБ, павіншавалі Азербайджан «з вызваленнем акупаваных тэрыторый і аднаўленнем тэрытарыяльнай цэласнасці краіны».

Тады прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін патлумачыў, чаму АДКБ не ўмяшалася ў канфлікт Баку і Ерэвана: дэ-юрэ Нагорны Карабах — тэрыторыя Азербайджана, а дамова прадугледжвае ўзаемную дапамогу ў выпадку агрэсіі ў дачыненні да тэрыторыі краіны-ўдзельніцы АДКБ. Зараз боесутыкненні закранулі тэрыторыю Арменіі, на што ўказаў Пашынян у звароце да АДКБ: «Мы прасілі аб дапамозе, у тым ліку ваеннай, для аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці і забеспячэння вываду азербайджанскіх войскаў з тэрыторыі Арменіі».

«Расія занятая вайной ва Украіне, ёй зараз не да Каўказа»

«Калі мы гаворым АДКБ, у першую чаргу маем на ўвазе Расію. Не думаю, што армянскія ўлады сур'ёзна разлічвалі, што беларускія або казахскія войскі будуць абараняць Арменію, — адзначае дырэктар Інстытута Каўказа ў Ерэване Аляксандр Іскандаран. — Расія занятая вайной ва Украіне, ёй зараз не да Каўказа. Расійскіх войскаў у Арменіі і Нагорным Карабаху недастаткова, каб сур'ёзна ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях. Ёсць палітычныя формы падтрымкі — заявы, перамоўны працэс, які ўжо ідзе. Часта гэтага бывае недастаткова, але на большае наўрад ці варта разлічваць».

АДКБ можа прыняць рытуальную заяву, але не факт, што нават гэта атрымаецца, кажа Андрэй Паротнікаў: «Хачу звярнуць увагу, у якім фармаце праходзіў пазачарговы саміт АДКБ (13 верасня. — Рэд.). Ад большасці краін там былі кіраўнікі дзяржаў альбо кіраўнікі ўрадаў. І толькі ад Беларусі — кіраўнік Савета бяспекі, які фармальна не валодае функцыямі ў галіне знешняй палітыкі. Гэта сімвалічны жэст Мінска аб тым, што будуць заблакаваныя любыя рашэнні, звязаныя з канкрэтнай ваеннай дапамогай Арменіі з боку АДКБ, таму што ўсе рашэнні прымаюцца кансенсусна».

Згодна са Статутам АДКБ, адна з мэт арганізацыі — абарона на калектыўнай аснове тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў-сябраў. Прыярытэт — за палітычнымі сродкамі.

Чаму ў Казахстане міратворцы былі, а ў Арменію яны не паедуць?

У гісторыі АДКБ быў адзіны выпадак выкарыстання міратворчага кантынгенту. У студзені 2022 года ў Казахстан, дзе праходзілі масавыя пратэсты, якія перараслі ў беспарадкі, адправілі міратворцаў з Беларусі, Расіі, Кыргызстана, Таджыкістана і Арменіі. Гэту пастанову ўхваліў Нікол Пашынян (у той час ён быў старшынёй Савета Рады бяспекі АДКБ), хоць сам ён прыйшоў да ўлады ў выніку вулічных пратэстаў.

Міратворчы кантынгент рыхтуюць у беларускай арміі з 2000-х гадоў, у яго ўваходзяць толькі кантрактнікі з дзвюх брыгад — САБР унутраных войскаў МУС і 103-й брыгады сіл спецыяльных аперацый. Дакладная колькасць міратворцаў не выдаецца. У Казахстан ад Беларусі былі адпраўлены віцебскія дэсантнікі. Яны выконвалі задачу па ахове важных ваенных і інфраструктурных аб'ектаў.

«Сітуацыю ў Казахстане нельга параўноўваць з армяна-азербайджанскім канфліктам, — тлумачыць Аляксандр Іскандаран. — Там была пагроза для кіруючага рэжыму, а тут — узброенае супрацьстаянне дзвюх армій. У палітычным сэнсе ваеннае ўмяшанне для Расіі, якая вядзе вайну ва Украіне, немэтазгодна. Тым больш што ў Расіі свой інтарэс і ў Арменіі, і ў Азербайджане. А пазіцыя РФ мае вызначальнае значэнне. Вядома, гэта выклікае незадаволенасць у армянскім грамадстве: людзі спадзяюцца, што калі ёсць хаўруснік, ён безумоўна дапаможа. У рэальнасці гэта не заўсёды так».

Паводле «Нямецкай хвалі»