Чачэнку, якая спрабавала збегчы ў Нарвегію, пасля вяртання дадому пераследуе паліцыя
Звязацца з ёй зараз не ўдаецца.
Луізу Дудуркаеву і яе сям'ю даставілі ў аддзел паліцыі горада Аргун. Адбылося гэта яшчэ напярэдадні днём, але да гэтага часу яны застаюцца ў паліцыі, тэлефон дзяжурнага там не адказвае, паведамляе інтэрнэт-выданне «Кавказ.реалии».
Радзіму дзяўчына вырашыла пакінуць пасля публікацый яе здымкаў у пабліку «Карфаген» з абразлівымі каментарамі, зараз ён заблякаваны Раскамнаглядам. Там публічна абмяркоўвалі знешні выгляд і стыль адзення жыхарак Чачні і нават пагражалі. Як сцвярджаюць стваральнікі «Карфагена», паблік закліканы сачыць за маральнасцю.
Выданне Life і паблік Mash са спасылкай на крыніцы ў ФСБ пісалі, што Дудуркаева накіроўваецца ў Сірыю і збіраецца ўступіць у шэрагі тэрарыстычнай групоўкі ІД. Сваякі былі здзіўлены паведамленнямі пра сувязі дзяўчыны з баевікамі. 4 верасня ў аэрапорце Мінска пры спробе паляцець у Нарвегію Дудуркаеву затрымала паліцыя і невядомыя людзі ў цывільным, пасля чаго перадалі бацьку.
Ёсць і другая версія прычыны уцёкаў дзяўчыны, як адзначае «Кавказ.реалии», падставай маглі стаць рознагалоссі з роднымі.
Паводле «Эхо Москвы»