Да незалежнасці засталося трошкі

11 верасня Каталонія адсвяткавала галоўнае нацыянальнае свята La Diada — Нацыянальны дзень Каталоніі. Наступны раз каталонцы спадзяюцца адзначаць 11 верасня ўжо ў сваёй незалежнай дзяржаве.



manifestacion_independentismo_diada_cataluna_barcelona_tinima20120912_0062_3.jpg

Гэта традыцыйнае свята, звязанае з заканчэннем у гэты дзень у 1714 годзе аблогі Барселоны — апошняй бітвы вайны за іспанскую спадчыну, якая абярнулася для каталонцаў стратай аўтаноміі. Але ў гэтым годзе свята мела асаблівы падтэкст.

Фактычна, 11 верасня падводзіліся вынікі апошняй фазы барацьбы каталонцаў за атрыманне суверэнітэту. Год таму, 11 верасня 2012-га, па вуліцах Барселоны, нечакана нават для мясцовага нацыяналістычнага палітыкуму, мільён чалавек патрабавалі ад Мадрыда надання краю незалежнасці. Шэсце было настолькі грандыёзным, што яму ўжо прысвяцілі шэраг кніг, фотаальбомаў, не гаворачы пра артыкулы.

Пабачыўшы такую падтрымку вуліцы, незалежнікі вырашылі — іх час надышоў. Прычым у авангардзе працэсу апынулася яшчэ ўчора дастаткова памяркоўная кансерватыўная партыя «Канвергенцыя і саюз» (CiU). Яе лідар Артур Мас адкрыта заклікаў да правядзення рэферэндуму аб суверэнітэце краю. Крытыкі сцвярджаюць, што, з улікам кепскай эканамічнай сітуацыі, гэта быў вельмі прагматычны і кан’юнктурны ўчынак. Цяпер усе эканамічныя праблемы рэгіёна Артур Мас спісвае на дзейнасць цэнтральнага ўраду Рахоя. Паводле апошніх апытанняў, 54 працэнта каталонцаў сапраўды лічаць, што ў іх эканамічных праблемах вінаваты выключна цэнтр.

Хаця на мінулагодніх лістападаўскіх пазатэрміновых выбарах у рэгіянальны парламент CiU не атрымала большасці, незалежніцкія партыі ў заканадаўчым органе ўсё роўна пераважаюць. Яны ж і прагаласавалі за правядзенне ў наступным годзе рэферэндуму пра незалежнасць. Цяпер край чакае дня, які вызначыць далейшы лёс каталонскай нацыі.

Трэба прызнаць, што энтузіязм наконт хуткага атрымання незалежнасці з часам трошкі зменшыўся. Увесну ўвогуле пайшлі чуткі пра тое, што Артур Мас і іспанскі прэм’ер Марыяна Рахой збіраюцца заключыць сепаратную дамову па формуле: цэнтр дае Каталоніі больш субсідый і падатковай аўтаноміі, а Каталонія, у сваю чаргу, замарожвае праект правядзення плебісцыту. Кантакты па ліні Рахой-Мас, сапраўды, апошнім часам больш інтэнсіўныя, аднак пакуль лідар CiU ад думкі пра плебісцыт не адмаўляецца.

Пасля ў СМІ шмат спекулявалі наконт таго, што партыя «Левыя рэспубліканцы» (ERC), якая падтрымлівае Маса без уваходу ў склад яго кабінета, могуць узняць пытанне пра вотум недаверу генералітэту (так традыцыйна называюць каталонскі ўрад). Такі ўчынак чакаўся ад левых з-за шэрагу антысацыяльных рэформаў, прапанаваных міністрамі Артура Маса. Аднак у выніку пакт ERC — CiU захаваўся.

Калі глядзець на вынікі сацыялагічных замераў, то статыстыка за апошні год для незалежнікаў не вельмі кепская. Калі б апытанне ў краі праводзілася заўтра, у падтрымку суверэнітэту прагаласавала б 52 працэнты рэспандэнтаў. Супраць — 24 працэнты, а астатнія каталонцы яшчэ не вызначыліся або ўвогуле не збіраюцца ісці на пункты для галасавання.

Праўда, перавага нязначная. Пытанне, ці захаваецца яна да дня рэферэндуму? Тут дарэчы ўзгадаць, што пакуль у мінулым годзе не пачаўся нацыяналістычны ўздым, колькасць аматараў незалежнасці не выходзіла за мяжу 35 працэнтаў. Выключна крызіс, які спрыяў ідэям здольнасці каталонцаў жыць самастойна, змяніў масавую думку.

Хаця дакладная дата ўсенароднага апытання пра незалежнасць пакуль не вядомая, лічыцца, што яе будуць прызначаць з улікам магчымых вынікаў аналагічнага рэферэндуму ў Шатландыі. Ужо вядома, што шатландцы будуць вырашаць: застацца ім падданымі Каралевы Вялікабрытаніі ці быць грамадзянамі незалежнай Шатландыі, у кастрычніку 2014-га. Відавочна, што вынікі галасавання паўплываюць на працэс у Каталоніі. Аднак пакуль большаць шатландцаў супраць незалежнасці, і таму, магчыма, каталонцаў пагоняць галасаваць увесну або ў верасні.   

Праўда, у гэтым графіку могуць быць збоі. Папулярнасць партыі Маса з-за крызісу ўсё роўна стабільна падае. За год яна скарацілася з 35 да 20 працэнтаў. Найбольш папулярнай партыяй з’яўляюцца «Левыя рэспубліканцы», якіх гатовыя падтрымаць 22 працэнты выбаршчыкаў. Такія тэндэнцыі ствараюць напружанасць паміж партнёрамі. Атрымліваецца, што CiU нясе адказнасць, а стрыжэ купоны партыя, якая крытыкуе ўрад. Мадрыдская правая прэса лічыць, што ў перспектыве канфлікт непазбежны. Пытанне — калі?

Ну а пакуль іспанскія правыя займаюцца тым, што шантажуюць каталонцаў. Па-першае, яны адмаўляюць ім у праве праводзіць рэферэндум і гатовыя аспрэчыць незалежніцкую ініцыятыву ў канстытуцыйным судзе. Хапае і больш прымітыўных страшылак. Так, на днях адзін з іспанскіх чыноўнікаў заявіў, што ў выніку абвяшчэння незалежнасці Каталонія будзе аўтаматычна выключана са складу Еўрасаюза.

Паводле еўрапейскіх законаў, гэта значыць увядзенне для каталонцаў шэнгенскіх віз і мытных тарыфаў. Такі варыянт, безумоўна, азначае калапс усёй рэгіянальнай эканомікі, завязанай на іспанскі рынак. У сваю чаргу, Барселона абяцае суайчыннікам, што не дапусціць выхаду краю з валютнай і мытнай прасторы ЕС у выпадку, калі Каталонія атрымае суверэнітэт. Пужаюць іспанскамоўных каталонцаў (іх каля паўмільёна) тым, што то яны ў незалежнай Каталоніі, дзе каталонская мова, натуральна, стане дзяржаўнай, ператворацца ў людзей другога гатунку.

Увогуле, падводзячы вынікі апошняга года для Каталоніі, усе прызнаюць, што вяртанне да сітуацыі, якая была ў Каталоніі напярэдадні 11 верасня 2012 года, ужо немагчымае. Так ці інакш, дыскусія наконт права каталонцаў на самавызначэння зайшла занадта далёка. Адзінае, на што можа спадзявацца Мадрыд, калі сапраўды хоча захаваць Каталонію ў складзе Іспаніі, як мага хутчэй даць зялёнае святло дэбатам пра федэралізацыю. Аднак іспанская правая да гэтага адназначна не гатовая. У тым ліку таму, што каталонцы-федэралісты ўсё роўна патрабуюць, каб сябры федэрацыі мелі канстытуцыйнае права на самавызначэнне.

Аднак пакуль да рэферэндуму далёка, як гаворыцца, «гуляюць усе». У гэтым годзе да святкавання La Diada прыяднаўся нават каталонскі філіял «Народнай партыі» Марыяна Рахоя. Яе актыў правёў напярэдадні 11 верасня альтэрнатыўнае нацыяналістычнаму шэсце пад назвай «Дзень Каталоніі для ўсіх». А незалежнікі арганізавалі вялізарны 1,5-мільённы жывы ланцуг на 400 кіламетраў — ад паўднёвай да паўночнай мяжы каталонскай пакуль яшчэ аўтаноміі.