Дар'я Домрачава і Уле-Эйнар Б'ёрндален сталі трэнерамі зборнай Кітая па біятлоне
Дар'я Домрачава і яе муж, нарвежскі біятланіст Уле-Эйнар Б'ёрндален сталі трэнерамі зборнай Кітая па біятлоне. Пра гэта паведамляе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.
— Мы рады аб'явіць аб пачатку супрацоўніцтва з нацыянальнай камандай Кітая па біятлоне. Гэта маладая каманда з высокім патэнцыялам развіцця. Мы пачынаем трэніравальны працэс, і шчаслівыя з Дар'яй падзяліцца сваім шматгадовым вопытам у гэтым відзе спорту з кітайскімі атлетамі, — адзначыў васьміразовы алімпійскі чэмпіён з Нарвегіі.
Уле Эйнар Б'ёрндален заняў пасаду галоўнага трэнера зборнай Кітая, а Дар'я Домрачава будзе рыхтаваць жаночую каманду.
— Вядома, мы шчаслівыя выкарыстоўваць гэты шанец і развіваць наш любімы від спорту ва ўсім свеце і ў краінах, дзе зімовыя віды спорту маюць высокі патэнцыял для развіцця, — сказала Дар'я Домрачава.
Дар'я Домрачава — адзіная сярод жанчын-біятланістак чатырохкратная алімпійская чэмпіёнка. Яна абвясціла аб завяршэнні спартыўнай кар'еры летам 2018 года.
Уле-Эйнар Б'ёрндален — самы тытулаваны біятланіст у гісторыі. Ён заваяваў 13 алімпійскіх узнагарод, у тым ліку восем залатых медалёў. Б'ёрндален скончыў спартыўную кар'еру ў красавіку 2018-га.
Домрачава і Б'ёрндален ажаніліся ў ліпені 2016 года. Яны выхоўваюць дачку.