Дэніэл Крэйг зноўку згуляе Бонда, а вены рэзаць не будзе
Ангельскі актор Дэніэл Крэйг, які граў агента 007 у чатырох фільмах «бандыяны», вяртаецца да ролі суперагента МІ6. Пра гэта паведаміў The Independent са спасылкай на крыніцы.

Адзначаецца, што прадусэр франшызы Барбара Броккалі ўжо зацвердзіла актора. Паводле крыніцаў, яна палічыла актора Тома Хіддлстана, які таксама прэтэндаваў на гэтую ролю, «занадта самадавольным і недастаткова брутальным».
Броккалі плануе таксама дамовіцца са спявачкай Адэль, каб тая заспявала саўндтрэк да стужкі. Яе песня да фільму «007: Каардынаты Скайфол» перамагла ў прэміі «Грэммі» ды «Залаты Глобус».
У лістападзе 2015 году пасля прэм'еры фільму «007: Спектр» Крэйг заявіў, што хутчэй перарэжа сабе вены, чым здымецца яшчэ ў адным фільме пра Бонда. Пасля гэтага хадзілі самыя неймаверныя чуткі аб наступным выканаўцы ролі суперагента: сярод іншага казалі, што гэта можа быць жанчына альбо цёмнаскуры актор.
Кінафраншыза аб Джэймсе Бондзе — серыя экранізацыяў раманаў Яна Флемінга, былога супрацоўніка выведкі, аб выдуманым агенце МІ6. Пачынаючы з 1962 году на студыі EON Productions выйшла больш за 24 фільмы, агульныя касавыя зборы з якіх перавысілі 13 мільярдаў даляраў. У галоўнай ролі, апроч Крэйга, паспелі згуляць Шон Конэры, Джордж Лэзэнбі, Роджэр Мур, Цімаці Далтан і Пірс Броснан.
Паводле lenta.ru