Дзяржканал узнагародзіў Кадырава прэміяй за відэа з папугаем
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў атрымаў прэмію ў памеры 45 тысяч рублёў ад дзяржканала «Грозны». Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт тэлекампаніі, піша svoboda.org.
Канал паведаміў, што Кадыраў неаднаразова выступаў у якасці мабільнага рэпарцёра і дасылаў «эксклюзіўныя рэпартажы з цяжкадаступных месцаў, часцяком знятыя ў экстрэмальных умовах». Паказваецца, што кіраўніка рэгіёна ўзнагародзілі «за якасны кантэнт, плённую працу і актыўнае садзейнічанне ў асвятленні падзей, якія адбываюцца ў рэгіёне».
Асабліва на канале адзначылі відэа, якое Кадыраў зняў пра папугая і іншых жывёл, што жывуць у яго садзе.
Раней прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін узнагародзіў маці кіраўніка Чачні Аймані Кадыраву знакам адрознення «За дабрадзейства». Узнагарода была прысуджаная ёй з фармулёўкай «За ўклад у дабрачынную і грамадскую дзейнасць». Дачка Рамзана Кадырава атрымала летась медаль «За заслугі перад Чачэнскай Рэспублікай».
20 ліпеня 2020 года ЗША ўнеслі Рамзана Кадырава ў санкцыйны спіс за сур'ёзнае парушэнне правоў чалавека. Санкцыі распаўсюджваюцца таксама на яго жонку Медна Кадыраву і яго дачок Айшат і Карыну Кадыравых.
Санкцыі прадугледжваюць, у прыватнасці, забарону на ўезд у краіну і дзелавыя кантакты, а таксама замарозку актываў на тэрыторыі Злучаных Штатаў. Раней у дачыненні да Кадырава былі ўведзеныя эканамічныя санкцыі.