Егіпет адкрые авіязносіны з 1 ліпеня
З 1 ліпеня Егіпет у поўным аб'ёме адкрывае авіязносіны. Найперш палёты будуць адкрывацца ў тыя дзяржавы, якія адкрываюцца аналагічным чынам.
Міністр грамадзянскай авіяцыі краіны Мухамед Манар Інаба адзначыў: «Аднаўленне паветранага руху праз усе аэрапорты Егіпта пачнецца з 1 ліпеня». Гэта рашэнне датычыцца не толькі курортных зон, але таксама Каіра і аэрапорта Бург эль-Араб пад Александрыяй.
«Спачатку ў поўным аб'ёме будуць адноўлены палёты ўнутры краіны, паступова будуць запушчаны рэйсы ў некаторыя краіны, — адзначыў ён. — Палёты будуць адкрывацца ў тыя дзяржавы, якія адкрываюцца аналагічным чынам [для палётаў у Егіпет]».
Па словах Мухамеда Манара Інаба, будуць прыняты ўсе меры бяспекі і засцярогі ў мэтах мінімізацыі распаўсюджвання каронавіруса. У прыватнасці, на борце пасажырам будуць прадастаўляць толькі сухія сняданкі і кансерваваныя напоі, газеты і часопісы прапаноўвацца пакуль не будуць. Усе самалёты перад рэйсам абавязаны праходзіць санітарную апрацоўку.
Па словах міністра турызму і па справах старажытнасцяў Халеда Ахмеда аль-Анані, міжнародны турызм на дадзеным этапе запускаецца ў трох правінцыях — Паўднёвы Сінай (дзе размешчаны курорты Шарм-эш-Шэйх, Нувейбы, Таба і Дахаб), Чырвонае мора (Хургада , Марса-Алям) і Матрух на Міжземным моры.
Паводле www.zviazda.by