Экспарцёр ідэй для аўтарытарызмаў: новая іпастась Кім Чэн Ына

На мінулым тыдні адбыўся афіцыйны візіт уладара Паўночнай Карэі ў Расію, які канчаткова перавярнуў усе ранейшыя расійска-карэйскія стасункі дагары нагамі. Кім Чэн Ын завітаў да свайго калегі Уладзіміра Пуціна ў абсалютна новай, можна нават сказаць нязвыклай, іпастасі. Цяпер КНДР — прыклад для аўтарытарных і ізаляваных рэжымаў.

Фота з livejournal.com

Фота з livejournal.com

Дзед цяперашняга кіраўніка КНДР жыў у СССР і нават служыў у савецкім войску ў званні капітана. А пасля ўзнікнення паўночнакарэйскай дзяржавы біў пэўны час паклоны Сталіну, якому быў у прынцыпе абавязаны ўсім. Бо фактычна КНДР з’явілася з ягонай ласкі ў верасні 1948 года, калі канчаткова было зразумела, што ў свеце існуюць 2 варожыя адна да адной сістэмы. Шляхі былых саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі тады ўжо канчаткова разышліся…  

Кім Ір Сэн мроіў аб аб’яднанні разарванай на дзве часткі Карэі ў адзіную дзяржаву пад сваёй уладай яшчэ з сярэдзіны 40-х, але не меў для таго ніякіх рэальных магчымасцей. Хаця пэўныя перадумовы былі — у той час карэйцы беглі з поўдня на поўнач, у той час нават больш развітай у эканамічным плане. Ды і рэжым Лі Сын Мана ў Сеуле быў не такім ужо і дэмакратычным, як можна было б падумаць — ягоныя апаненты зазнавалі не толькі ціск з боку ўлад, але і сапраўдныя рэпрэсіі.  

Усё памянялася ў 1949 годзе, калі ў Кітаі да ўлады прыйшлі камуністы на чале з Маа Цзэдунам, а гаміньданаўцы вымушаны былі ўцякаць на Тайвань. Гэтая падзея надала рашучасці і Кім Ір Сэну ў справе аб’яднання двух Карэй. Да ўсяго Маа меў на паўвыспе свой інтарэс, таму ён не проста падтрымаў малодшага калегу, але пераканаў і Сталіна зрабіць тое самае. Заручыўшыся падтрымкай кітайскіх і савецкіх таварышаў, карэйскія камуністы распачалі ў 1950 годзе вайну, якую ганебна прайгралі ў 1953-м. І калі б не шчодрая падтрымка Пекіна і Масквы, то рэжым у Пхеньяне мог бы і не захавацца: па розных ацэнках толькі адных кітайскіх добраахвотнікаў загінула ў часе вайны да мільёна чалавек. 

Пасля замарозкі канфлікту ўлетку 1953 года Кім Ір Сэр пайшоў сваіх шляхам.

Паўтараючы за Маа, які паступова адыходзіў ад марксісцкіх і леварадыкальных ідэй, замяняючы іх традыцыйным для Кітая канфуцыянствам, старэйшы Кім распрацаваў уласную ідэалогію — «чучхэ». У перакладзе з карэйскай гэта значыць апора на ўласныя сілы. Сутнасць яе ў тым, што як кожны чалавек мае быць гаспадаром уласнага жыцця, так і кожная дзяржава мае вызначаць сваё развіццё самастойна. 

Карэйскі сацыялізм паступова набываў абрысы азіяцкай спецыфікі. Вялікая ўвага надавалася мясцовым традыцыям і звычаям, якія проціпастаўляліся каштоўнасцям капіталістычнага і імперыялістычнага «калектыўнага Захаду». Да ўсяго дадаваўся абсалютны ізаляцыянізм, які нават па мерках сацыялістычнага лагера выглядаў даволі жорсткім. Калі ўмоўна памясціць СССР недзе па цэнтры, то куды больш вольнымі і заможнымі былі Чэхаславакія і Югаславія, а Паўночная Карэя наадварот — глядзелася такім сабе змрочным царствам. Круцейшым за якое былі хіба што якія-небудзь чырвоныя кхмеры з джунгляў Камбоджы. 

Пасля развалу СССР, а следам і смерці стваральніка КНДР у 1994 годзе, дзяржава зазнала метамарфозы. Ягоны сын Кім Чэн Ір працягнуў бацькаву палітыку, скіраваную на стварэнне абсалютна закрытай дзяржавы, дзе нацыя ўспрымаецца як адзін вялікі партызанскі атрад, загартаваны ў штодзённым змаганні за сваё выжыванне. Але дадаў троху і свайго — нездарма ж яго рыхтавалі да ролі ўладара яшчэ з сярэдзіны 70-х гадоў. 

Па смерці Кім Ір Сэна ў якасці афіцыйнай палітыкі да ідэй Чучхэ дадаўся яшчэ і прынцып Санган — гэта значыць, што войска ў КНДР заўжды мае быць на першым месцы, а ўсё астатняе — потым. Яно і не дзіва, бо акурат вайсковыя займаюцца будоўляй і ўзвядзеннем самых розных гаспадарчых аб’етаў па ўсёй краіне. А служаць у паўночнакарэйскім войску пяць гадоў. 

Менавіта пры другім Кіме канчаткова сфарміраваўся той вобраз КНДР, які мы ведаем сёння. Праўда, сам ён быў вельмі далёкі ад паказной камуністычнай аскезы. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, вельмі любіў дарагое віно ў кампаніі прыгожых жанчын, амараў, каньяк «Hennessy» і дыснееўскія мульцікі. Просты жыхар Паўночнай Карэі, натуральна, ніколі не спрабаваў такіх прысмакаў. Пагатоў, большасць нават не падазрае аб іх існаванні... 

Глядзіце таксама

Адносіны ў Кімаў з саветамі былі складанымі і нацягнутымі. З аднаго боку, КНДР адназначна ўваходзіла ў арбіту Савецкага Саюза і была залежнай ад яго шмат у чым. Але з іншага, імкнулася да поўнай самастойнасці. Карэйцы то сварыліся, то мірыліся з саветамі, але фінальную кропку паставіў распад СССР. Пасля яго адносіны істотна пагоршыліся. Маладзейшы Кім бачыў у расійскіх чыноўніках людзей, што адступілі ад уласных прынцыпаў. Гэтаксама, як некалі Маа зняважліва глядзеў на чыноўнікаў «хрушчоўскай адлігі», ён глядзеў на тых, хто мяняў чырвоны сцяг на трыкалор. Ды і Масква сама рабіла крокі да пагаршэння стасункаў: напрыклад, у 90-я адначасова перадала сакрэтныя дакументы, якія тычыліся вайны 50-х гадоў, і ў Сеул, і ў Пхеньян. 

Перасоўваўся бацька сённяшняга ўладара КНДР выключна цягнікамі, якія звычайна складаліся з тузіна вагонаў. Гэтак сама, трымаючыся традыцый, прыехаў у Расію на сустрэчу з Пуціным і ягоны сын — Кім Чэн Ын. Але фішка хіба ў тым, што цяпер расійцы просяць дапамогі зброяй у карэйцаў, а не наадварот, бо не могуць даць рады ў вайне з Украінай. І Кім нібыта гатовы дапамагчы, бо дзяржава, дзе яшчэ 30 гадоў таму была абвешчана палітыка мілітарызацыі, мае чым падзяліцца.

Але не ўсё так проста. Як мяркуюць у брытанскай газеце «The Times», Кім зрабіў свае разлікі, а ягоная падтрымка Расіі ў вайне носіць дэкларатыўны характар. Найперш паўночнакарэйскі ўладар мае на мэце мадэрнізаваць сваё войска — старую тэхніку прадаць расійцам, а яе замяніць больш сучаснай, якую папросіць у Сі Цзіньпіня. Яшчэ з часоў заснавання КНР у 1949 годзе Паўночная Карэя паслядоўна атрымлівае падтрымку і дапамогу з боку кітайцаў. Фактычна Кітай і ёсць цяпер асноўны донар, за кошт якога і трымаецца рэжым «чучхэ».

Як паведамляе «Financial Times», Паўночная Карэя гатова падпісаць з Расіяй пагадненне аб пастаўках зброі бліжэйшым часам. «Пхеньян можа прапанаваць боепрыпасы, рэактыўныя сістэмы залпавага агню і балістычныя ракеты малой далёкасці — усё гэта дапаможа Маскве адбіць контрнаступ Кіева», — піша выданне. Масква ў сваю чаргу можа прапанаваць збожжа, нафту, ваенныя тэхналогіі і грошы ў валюце.

Прыдворныя расійскія эксперты, якія ў захапленні ад пануючай у КНДР палітычнай сістэмы, ужо называюць гэтую сустрэчу лёсавызначальнай. Маўляў, трэба не толькі прасіць зброю і тэхніку ў таварышаў з Пхеньяна, але і пераймаць некаторыя іх прынцыпы, бо іначай мабілізаваць грамадства ў вайне з краінай-суседкай не атрымаецца. Зайздросцяць наяўнасці ідэй «чучхэ» і ў Беларусі. Палітолаг Аляксандр Шпакоўскі заявіў не так даўно, што «неабходна прапрацоўваць пытанне аб візіце лідара КНДР у Рэспубліку Беларусь», які можа стаць сапраўднай «гістарычнай падзеяй».

Такім чынам можна зазначыць, што роля КНДР істотным чынам змянілася: на ранніх этапах свайго існавання гэта была бедная і слабая дзяржава, якая з’яўлялася безумоўным сатэлітам Савецкага Саюза. Але з часам, дзякуючы развалу апошняга і наяўнасці змацаванай таталітарнай ідэалогіі, яна здолела стаць пазнавальным брэндам. На які цяпер звяртаюць сваю ўвагу аўтарытарныя рэжымы, што не маюць выразна аформленага ўвасаблення сістэмы. 

У пэўным сэнсам гэта можна лічыць трыумфам, бо далёка не кожная дзяржава-ізгой можа пахваліцца чымсьці падобным.

Глядзіце таксама