Мажэйка: У сустрэч Пуціна з Лукашэнкам ёсць пэўны феадальны прысмак

Каардынатар экспертнай сеткі «Наша меркаванне», палітычны аналітык Вадзім Мажэйка каментуе «Свабодзе» вынікі апошняй сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, заяўляе, што гісторыя «вагнераўцаў» у Беларусі заканчваецца, і адказвае на пытанне, чаму Менск пачаў прымірэнчую рыторыку на адрас Польшчы.

rtx6yh3p_1.jpg

— Стала ўжо пэўнай традыцыяй, калі, абмяркоўваючы вынікі чарговай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, аглядальнікі задаюцца пытаньнем — навошта яны так часта сустракаюцца?

— Гэта цалкам натуральна, што яны сустракаюцца вельмі часта — проста таму, што ўзровень супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Расеяй даволі шчыльны, і ў іх хапае пытаньняў, якія патрэбна вырашаць. Як на працоўных нарадах — заўсёды ёсьць што абмеркаваць. Але трэба заўважыць, што гэта даўно ўжо не падобна на сустрэчы кіраўнікоў незалежных дзяржаваў — гэта хутчэй сустрэчы цара і падначаленага яму баярына. Нейкі фэадальны прысмак тут, безумоўна, прысутнічае.

— Што-небудзь канкрэтнае можна адзначыць у выніках гэтай апошняй сустрэчы?

— Можна заўважыць такую заканамернасьць, што калі на падобных сустрэчах і прымаюцца нейкія сур’ёзныя рашэньні (як, напрыклад, разьмяшчэньне ядзернай зброі), то пра іх ніколі не паведамляюць адразу. Пра нейкія сапраўды важныя рашэньні мы даведваемся толькі пазьней.

І зараз тое, што было агучана ў публічнай прасторы, выглядала ня надта арыгінальна. Усе гэтыя словы, што Лукашэнка жадае больш эканамічнай супрацы па самых розных кірунках — гэта ня новае, ён заўсёды хоча як мага больш эканамічнай супрацы.

Зноў мусолілася тэма, колькі працэнтаў ад «саюзнай» інтэграцыі ўжо ажыцьцявілася. Лукашэнка сказаў, што 80 працэнтаў ужо выканана — але раней мы ад яго чулі і пра 90, і пра 95 працэнтаў. То бок гэтыя лічбы ня вартыя сур’ёзнай увагі, бо не зразумела, як і хто тут вымярае. Можна ж ажыцьцявіць 80 працэнтаў чагосьці не істотнага, і не ўзгадніць 20 працэнтаў чагосьці самага важнага. Мне падаецца, гэта сьведчыць пра тое, што нейкіх істотных юрыдычных прасоўваньняў у «інтэграцыі» на сёньня няма.

— Калі нешта і было новае і арыгінальнае, то гэта развагі Лукашэнкі пра жаданьне супрацоўнічаць з Паўночнай Карэяй, «падумаць аб супрацоўніцтве на траіх», як ён выказаўся. Што гэта кажа пра сёньняшні стан Беларусі ў міжнародных адносінах, яе імідж у сьвеце?

— Сяброўства з Паўночнай Карэяй — цяжка ўявіць, што можа быць горай у іміджавым пляне. Але Лукашэнка хапаецца за любую магчымасьць. Бо насамрэч беларуска-паўночнакарэйскія адносіны ніколі не былі істотнымі, узаемны гандаль мінімальны. КНДР, мякка кажучы, не багатая краіна, грошай там не атрымаеш. Дарэчы, і афіцыйны таваразварот паміж Расеяй і КНДР амаль нулявы.

Так што «сябраваць на траіх» азначае хіба наступнае. Калі Паўночная Карэя будзе пастаўляць у Расею свае снарады для расейскага войска, і ў адказ Расея можа проста заплаціць, а можа разьлічыцца нейкай паслугай, нешта пабудаваць, напрыклад. І Лукашэнка, магчыма, спадзяецца сюды ўлезьці, каб гэтая «паслуга» было зроблена з удзелам Беларусі.


Глядзіце таксама

— Ці можна сказаць, што цяпер ужо пастаўлена пэўная кропка ў тэме прысутнасьці «вагнэраўцаў» у Беларусі? І як вы ставіцеся да тых размоваў, што Пуцін мог раззлавацца на Лукашэнку за ягоную празьмерна сьмелую інтэрпрэтацыю падзеяў вакол бунту Прыгожына?

— Лукашэнка заўсёды перабольшвае сваю ролю ў міжнароднай палітыцы. У кнізе Валера Карбалевіча ёсьць цэлы разьдзел пра тое, як нейкія выпадковыя сустрэчы «на палях» розных міжнародных канфэрэнцыяў Лукашэнка ператвараў у вялікія і важныя перамовы. Тут тое самае, выглядае, што сваю ролю ў крызісе вакол бунту Прыгожына Лукашэнка ўвесь час значна перабольшваў.

На самой справе ён сапраўды быў ня больш чым часовай пляцоўкай, уся гэтая рыторыка пра «прагулкі» «вагнэраўцаў» у Польшчу ніяк не ўвасобілася ў хоць нейкія дзеяньні. Так што зьмяншэньне колькасьці «вагнэраўцаў» у Беларусі ідзе сваёй чарадою. Нейкая невялікая іхняя колькасьць можа ўвайсьці ў склад беларускіх сілавых структураў — але ў цэлым выглядае, што гэтая гісторыя заканчваецца. І хутчэй, проста пад уплывам сьмерці Прыгожына, а ня ў выніку нейкіх перамоваў Лукашэнкі з Пуціным.

— А як варта ацаніць тыя адносна прымірэнчыя выказваньні, якія Лукашэнка і іншыя прадстаўнікі ўлады рабілі апошнія тыдні на адрас заходніх суседзяў Беларусі?

— Апошнія месяцы і Менск, і Вільня з Варшавай зрабілі пэўную дээскаляцыю, прынамсі, у публічных заявах. Мне падавалася, што Лукашэнка, можа, і ня супраць зачыненьня мяжы, бо, магчыма, ён спадзяваўся, што ў такім выпадку Пэкін больш націсьне на Вільню і Варшаву, а не на Менск.

Але ў выніку мы бачым, што абодва бакі спыніліся на пагрозах, а да канкрэтных дзеяньняў не дайшло. На інцыдэнт з беларускімі верталётамі палякі адказалі сымэтрычна, і беларускае Міністэрства абароны ня стала разьдзімаць канфлікт. Сышліся на тым, што лік «1-1» і на гэтым скончым.

Чаму адбылася гэтая дээскаляцыя? Магчыма, абодвум бакам больш камфортна толькі пагражаць, але не рабіць рэальных небясьпечных дзеяньняў, такіх, як закрыцьцё мяжы, якія могуць прывесьці да канкрэтных эканамічных і лягістычных страт.