Францыя. Пакаяцца за каланіялізм

Правыя партыі Францыі працягваюць рашуча асуджаць прэзідэнта Эмануэля Макрона, які падчас візіту ў адну з афрыканскіх краін заявіў, што лічыць каланіяльную палітыку Французскай рэспублікі «вялікай памылкай».

Французская імперыя ў 1919 — 1939 годзе. Фота wikipedia.org

Французская імперыя ў 1919 — 1939 годзе. Фота wikipedia.org


На думку той жа Марын Ле Пэн, правадыркі партыі «Нацыянальны фронт», словы Макрона — «гэта спроба забыць гісторыю Францыі».

Больш за тое, ідэя Макрона, як лічыць правая апазіцыя, ставіць у няёмкае становішча французскіх жаўнераў, якія нясуць службу ў былых французскіх калоніях у Афрыцы.

Ёсць меркаванне, што пасля сентэнцый Макрона варта чакаць росту антыфранцузскіх настрояў на Чорным кантыненце. Гучаць алармісцкія заявы, што лідар Францыі сваімі словамі стварыў юрыдычную платформу для патрабаванняў матэрыяльнай кампенсацыі за каланізацыю.

Зрэшты, пакуль усе гэтыя прагнозы маюць, хутчэй, характар здагадак. А вось дэбаты пра большую самастойнасць, якія ўспыхнулі пасля словаў Макрона ў заморскіх дэпартаментах Францыі (у прыватнасці, у Гвадэлупе), — рэальны факт.

Паводле французскай прэсы