Хабараўск і Уладзівасток зноў масава мітынгавалі
Акцыя ў Хабараўску сабрала дзясяткі тысяч чалавек, ва Уладзівастоку — некалькі соцень удзельнікаў. Несанкцыянаваныя мітынгі ў падтрымку арыштаванага губернатара Хабараўскага краю Сяргея Фургала працягваюцца два тыдні.
У Хабараўску ўжо два тыдні не сціхаюць пратэсты ў падтрымку арыштаванага губернатара Хабараўскага краю Сяргея Фургала. Чарговая несанкцыянаваная акцыя адбылася ў суботу, 25 ліпеня. У шэсці па цэнтральных вуліцах горада ўдзельнічалі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, піша партал Meduza. Людзі, якія сабраліся, скандавалі «Свабоду», «Пакуль мы адзіныя — мы непераможныя», «Гэта наш край», а таксама «Далоў цара», «Расія прачынаецца» і «Пуціна ў адстаўку».
Пры гэтым, паводле ацэнкі Адміністрацыі горада Хабараўска, у несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку былога губернатара Фургала прынялі ўдзел каля шасці з паловай тысяч чалавек.
Аналагічныя акцыі прайшлі ва Уладзівастоку, Паўднёва-Сахалінску і Камсамольску-на-Амуры. Так ва Уладзівастоку, па ацэнцы мясцовага партала Vl.ru, на на адной з цэнтральных плошчаў адміністрацыйнага цэнтра Прыморскага краю сабралася некалькі соцень чалавек. Апроч плакатаў у падтрымку хабараўчан некаторыя з пратэстуючых трымалі плакаты з крытыкай паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта ў Далёкаўсходняй федэральнай акрузе Юрыя Трутнева, які стаў аб'ектам новага расследавання Фонду барацьбы з карупцыяй. Як паведаміў партал «АУС-Інфа», паліцыя затрымала некалькіх удзельнікаў акцыі для складання адміністрацыйных пратаколаў.
Арышт губернатара Хабараўскага краю Сяргея Фургала
Фургал быў затрыманы ў Хабараўску і дастаўлены ў Маскву 9 ліпеня. Следства абвінавачвае яго ў арганізацыі забойстваў двух бізнэсмэнаў, а таксама замаху на забойства яшчэ аднаго прадпрымальніка, учыненых у Хабараўскам краі і Амурскай вобласці ў 2004 — 2005 гадах. Сяргея Фургала правяраюць і на дачыненне да іншых цяжкіх злачынстваў, што адбыліся на тэрыторыі Хабараўскага і Прыморскага краёў, а таксама Амурскай вобласці.
Пратэсты ў падтрымку Фургала пачаліся ў Хабараўску 11 ліпеня. Пазней да акцый далучыліся жыхары Уладзівастока і Камсамольска-на-Амуры.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 20 ліпеня адхіліў Сяргея Фургала ад пасады «ў сувязі са стратай даверу». Часова выконваючым абавязкі губернатара Хабараўскага краю быў прызначаны дэпутат Дзярждумы ад ЛДПР Міхаіл Дзегцяроў. Аднак пратэсты не аціхлі, іх удзельнікі пачалі патрабаваць яго адстаўкі.
dw.com