Германія. Апошнія нудысты

Нямецкая прэса звяртае ўвагу на адзнакі крызісу мясцовага руху нудыстаў. 

Фота www.dw.com

Фота www.dw.com

На першы погляд, такая заклапочанасць трошкі дзіўная. Але, як высвятляецца, рух нудыстаў у свой час быў вельмі моцнай грамадзянскай нізавой ініцыятывай.

На пачатку ХХ стагоддзя думка пра тое, што аголенасць дапамагае целу і мазгам, была вельмі папулярная сярод практычна ўсіх груп насельніцтва. Маршы аголеных людзей нікога не здзіўлялі. Больш за тое, у нудыстаў паўстала сваё палітычнае лобі, якое праштурхнула ў закон іх права — патрабаваць на кожным пляжы асобнага нудысцкага ўчастку.

Нават у ГДР, дзе змагаліся за сацыялістычную мараль, аматарам голага цела дазволілі мець сваю легальную арганізацыю, і нават выдаваць і свабодна прадаваць часопісы.

Аднак сёння гэты рух аказаўся ў крызісе. Калі ў 1970-я гады колькасць сяброў Нямецкага саюза за свабодную культуру цела (DFK) зашкальвала за 30 тысяч, то сёння актыў арганізацыі вымяраецца некалькімі сотнямі. Дакладна патлумачыць агонію DFK ніхто не здольны.

Самі нудысты вінавацяць ва ўсіх праблемах сацыяльныя сеткі, куды аматары агаляцца, маўляў, выкладаюць свае фотаздымкі, не маючы патрэбы ўдзельнічаць у арганізаваным нудысцкім руху.

Паводле нямецкай прэсы