Ірак: пратэстоўцы штурмуюць прэзідэнцкі палац, у краіне ўводзіцца каменданцкая гадзіна

Пратэсты пачаліся праз пару гадзін пасля таго, як уплывовы шыіцкі святар Муктада ас-Садр сышоў у адстаўку.

Іракскі святар і палітычны дзеяч Муктада ас-Садр

Іракскі святар і палітычны дзеяч Муктада ас-Садр


Іракскія ўлады ў панядзелак увялі па ўсёй краіне каменданцкую гадзіну, каб прадухіліць масавыя беспарадкі пасля таго, як сотні пратэстоўцаў штурмавалі прэзідэнцкі палац у Багдадзе, паведамляе брытанскае выданне «The Telegraph». Прычынай пратэстаў стала адстаўка ўплывовага шыіцкага святара Муктады ас-Садра.
Амаль адразу пасля нечаканай заявы ас-Садра пра тое, што ён сыходзіць з палітыкі, прыхільнікі ўплывовага антыіранскага дзеяча выйшлі ў «зялёную зону» Багдада і сутыкнуліся з праіранскімі палітычнымі групоўкамі і сіламі бяспекі.
Прынамсі, двое прыхільнікаў ас-Садра былі забіты і яшчэ 20 паранены падчас баявых дзеянняў, калі сілы бяспекі ўжылі слёзатачывы газ, агнястрэльную зброю і фізічна адціснулі натоўп ад урадавых будынкаў.
Армія заклікала людзей адступіць, «каб прадухіліць сутыкненні або праліццё іракскай крыві», і ўвяла каменданцкую гадзіну па ўсёй краіне для грамадзянскіх асоб і транспартных сродкаў з 7-й вечара. Улады Ірака спадзяюцца такім чынам здушыць далейшыя пратэсты.
Праз палітычны крызіс, у якім знаходзіцца краіна, ёсць небяспека, што рэакцыя на адстаўку ас-Садра можа падштурхнуць іракцаў да вулічнага гвалту.


Блок, які ўзначальвае Садр — сімвал барацьбы з акупацыяй як супраць ЗША, так і супраць Ірана. Прыхільнікі святара атрымалі найбольшую колькасць месцаў на кастрычніцкіх выбарах, але не змаглі сфарміраваць большасць, таму што ас-Садр адмовіўся працаваць з кім-небудзь з уплывовых праіранскіх ваенізаваных фарміраванняў. Людзі, якія падтрымліваюць палітыка, ужо больш за месяц праводзяць сядзячую акцыю пратэсту ля будынка парламента, патрабуючы правядзення новых выбараў.