Іспанія. Шарлатаны не пройдуць!

Сацыялістычны ўрад Іспаніі абвясціў «крыжовы паход» супраць альтэрнатыўнай медыцыны.

narodnye_metody_lecheniya1.jpg

Як высвятляецца, на Пірынеях назіраецца сапраўдны бум рознага кшталту «лекараў», якія выкарыстоўваюць метады, не праверанымі навукай.

Асабліва падабаецца іспанцам гамеапатыя, якая выкарыстоўвае метад лячэння малымі дозамі атруты. Гэта азначае, што актыўныя рэчывы такіх лячэбных прэпаратаў выклікаюць у людзей сімптомы, падобныя да сімптомаў хваробы, і тым самым, быццам, актывізуюць імунную сістэму і вылечваюць пацыента.

Паводле апытанняў, кожны другі іспанец верыць у лекавыя магчымасці гамеапатыі. Часта такія забабоны маюць трагічны вынік. Не так даўно адзін хворы на лейкемію адмовіўся ад шпіталізацыі, паколькі вырашыў лячыцца ў нейкага шарлатана. Курс закончыўся тым, што пацыент памёр.

Гэты выпадак і прымусіў улады звярнуць увагу на дадзеную сферу. Першым крокам у рамках кампаніі стане забарона выкладання альтэрнатыўнай медыцыны ва ўніверсітэтах. Таксама ўсе віды альтэрнатыўнай тэрапіі прыбяруць з усіх медычных устаноў.

Паводле іспанскай прэсы