Каманда Навальнага зняла чарговы фільм пра Пуціна — цяпер пра палац на Валдаі
Фонд барацьбы з карупцыяй, заснаваны расійскім апазіцыйным палітыкам Аляксеем Навальным, выпусціў новы фільм пра раскошу, у якой жыве Уладзімір Пуцін. 16-хвіліннае відэа выйшла на платформе Youtube і мае назву «Таямніцы валдайскага лецішча Пуціна».
«Пасля расследавання пра лецішча ў Геленджыку прапаганда распавядала, што гэтая раскоша не належыць Пуціну. Што ён не можа мець палацы за мільярды рублёў — гэта ўсё яго не цікавіць. Але вось афіцыйная рэзідэнцыя Пуціна на Валдаі — яна дакладна датычная да яго. Уладкаванне дачы было пад сакрэтам, а цяпер не. І што мы бачым? Пуцін памяшаны на раскошы», — адзначаюць аўтары фільма.
Нагадаем, што Аляксей Навальны зараз знаходзіцца ў зняволенні — адбывае крымінальны тэрмін у калоніі ва Уладзімірскай вобласці. Там апазіцыянер пакутуе праз праблемы са здароўем, да яго не пускаюць лекара. З-за такога стаўлення адміністрацыі палітык абвясціў галадоўку.