Прэм'ер-міністр Расіі ляціць у Мінск абмяркоўваць «нарошчванне інтэграцыі»
Сёння ў Мінск з візітам прыбудзе ўрадавая дэлегацыя Расія на чале з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мішусціным.
У расійскай дэлегацыі запланаваныя перамовы з Лукашэнкам і беларускім прэм'ерам Раманам Галоўчанкам, паведамляе reform.by.
Як паведамляе прэс-служба расійскага ўрада, «асаблівая ўвага будзе нададзена перспектывам нарошчвання інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы».
Сярод тэматыкі перамоў згадваюцца пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, энергетыкі, прамысловасці, транспарту і сельскай гаспадаркі.
Раней пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка заяўляў, што ў красавіку-траўні чакаецца ўзгадненне дарожных мап наконт паглыблення інтэграцыі. Праграма іх рэалізацыі можа быць падпісаная яшчэ ў першым паўгоддзі.
Пры гэтым Уладзімір Сямашка згадваў, што няўзгодненымі пакуль застаюцца мапы па падатковым заканадаўстве, мытных пытаннях, газе, адзінай прамысловай палітыцы, сельскагаспадарчай палітыцы, а таксама па адзіным рынку нафты і нафтапрадуктаў.