Канстытуцыйны суд Чэхіі падтрымаў гаспадара гатэлю, які засяляў толькі нязгодных з анэксіяй Крыма расіян

Уладальнік аднаго з гатэляў у Чэхіі вырашыў засяляць толькі тых расіян, якія прызнаюць Крым украінскім. Вярхоўны суд Чэхіі палічыў гэта незаконным, аднак КС вырашыў інакш.

Гатэль Brioni ў чэшскай Астраве

Гатэль Brioni ў чэшскай Астраве

Канстытуцыйны суд (КС) Чэхіі ў аўторак, 30 красавіка, стаў на бок гаспадара гатэлю, які дазволіў засяляць толькі тых расіян, якія пісьмова заявяць аб нязгодзе з расійскай анэксіяй Крыма. Суд палічыў, што дзеянні ўладальніка Brioni Boutique Hotel ў Астраве не з'яўляюцца дыскрымінацыяй.
Уладальнік гатэля Томаш Крчмарж, які мае ўкраінскія карані, пяць гадоў таму адмовіў у засяленні 49 спартсменам з Расіі. На ўваходзе ў будынак гасцініцы і на яе сайце з'явілася аб'ява: «З 24 сакавіка 2014 года не размяшчаем грамадзян РФ. Прычынай з'яўляецца анэксія Крыма». Там жа змяшчалася агаворка, што гэта не распаўсюджваецца на тых расіян, якія пісьмова заявяць аб нязгодзе з далучэннем паўвострава да Расіі.
Канстытуцыйны суд Чэхіі прызнаў карэктнае выказванне палітычных поглядаў
Чэская гандлёвая інспекцыя аштрафавала гатэль на 50 тысяч крон (2 тысячы еўра) «за дыскрымінацыю спажыўцоў па нацыянальнай прыкмеце». Вярхоўны суд Чэхіі падтрымаў рашэнне камісіі, але знізіў штраф у 10 разоў.
І вось зараз Канстытуцыйны суд запатрабаваў зусім адмяніць штраф, палічыўшы, што Крчмарж не дапусціў ніякіх парушэнняў, а толькі выказаў свае палітычныя погляды ў карэктнай форме. КС заключыў, што, Крчмарж, выклаўшы ў інтэрнэце аб'яву аб адмове ў размяшчэння расіян, зусім не дыскрымінаваў іх у правах, паколькі тыя былі загадзя папярэджаныя аб умовах засялення і мелі магчымасць выбраць іншую гасцініцу ў Астраве.
КС Чэхіі таксама нагадаў аб афіцыйнай пазіцыі Прагі, згодна з якой Крым не з'яўляецца тэрыторыяй Расіі, а застаецца неад'емнай часткай Украіны.
dw.com