Казахстан. Інквізіцыя па-казахску
Паліцыянты Усць-Каменагорска некалькі гадзін дапытвалі жанчыну на падставе вуснай скаргі ад двух мясцовых жыхароў, якія сцвярджалі, што тая — вядзьмарка.
Інцыдэнт адбыўся мінулай вясной, аднак вядома пра яго стала толькі цяпер.
Такім чынам, 25 мая Сабіну Укокаву па тэлефоне папрасілі з’явіцца ў мясцовы аддзел паліцыі, паколькі на яе паскардзіліся нейкія К. і С. Тыя сцвярджалі, што Укокава чаруе і наводзіць на іх сурокі.
Паліцыянты запрасілі жанчыну прайсці ў кабінет, замкнулі за ёй дзверы і на працягу трох гадзін высвятлялі, ці ёсць у Укокавай экстрасэнсорныя здольнасці і ці ўмее яна чараваць.
Самае незвычайнае, што затрыманай пагражалі «адпаведным артыкулам». Між тым, заканадаўства Казахстана не прадугледжвае пакарання за вядзьмарства. Разнастайныя «вядзьмаркі» і «варажбіткі» трапляюць у поле зроку праваахоўных органаў, як правіла, пасля таго, як падманваюць кліентаў, атрымаўшы ад іх грошы.
Зрэшты, пакуль да судоў інквізіцыі справа не дайшла. Укокаву адпусцілі. Зараз разам з праваабаронцамі яна спрабуе зразумець, што гэта было.
Паводле казахскай прэсы