Кім Чэн Ын вучыцца рабіць цуды

Адным з вынікаў першага года знаходжання пры ўладзе новага паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына стала фармаванне ягонага культу асобы. Пра гэта журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з сябрам таварыства «КНДР—Украіна» Сяргеем Палішчуком.  



5a94acf.jpg

— 8 студзеня ў КНДР адсвяткавалі дзень нараджэння Кім Чэн Ына, якому споўнілася 28 гадоў (па іншых звестках — 29). Галоўным мерапрыемствам у рамках святкавання стала шматтысячная публічная клятва новаму лідару. У двух словах, што значыць для рэжыму КНДР культ асобы прадстаўнікоў дынастыі Кімаў?

— Не пабаюся назваць гэта стрыжнем усёй сістэмы. Вывучэнне біяграфіі правадыроў пачынаецца яшчэ ў дзіцячых садках, дзе для гэтага існуюць спецыяльныя пакоі. Увесь працэс пачатковай адукацыі пабудаваны на прыкладах з асабістага жыцця прадстаўнікоў сямейства Кімаў. Напрыклад, на ўроках матэматыкі прапануецца падзяліць яблыкі, як гэта рабіў малады Кім Ір Сен. Асноўныя ідэалагічныя працы Кім Ір Сена і Кім Чэн Іра вывучаюцца на працягу ўсяго жыцця. Любое месца, дзе быў правадыр, уключаючы лаўку, на якую ён неяк прысеў, адразу пазначаецца памятнай дошкай і г.д. Можна казаць катэгарычна: без культу Кімаў (у тым ліку жывога Кіма) існаванне КНДР як дзяржавы немагчымае.

— Наколькі штучнай для паўночных карэйцаў з’яўляецца такая практыка шанавання палітыкаў?

— Цяжкае пытанне, паколькі асновы культу Кім Ір Сена, відавочна, будаваліся па формуле культу Сталіна і Мао. Мы можам знайсці серыю аналагаў, калі параўноўваць тое ж манументальнае мастацтва 1950-х гадоў у СССР і ў КНДР. Аднак у комплексе культ Кім Ір Сена быў аформлены толькі ў 1960-я гады. У гэты час Кім Ір Сена пачалі называць Сонцам Нацыі, бо ён «мае незгасальныя заслугі для справы чалавецтва» і г. д. Тады таксама была прынятая канстытуцыя, якая сцвярджала: «Таварыш Кім Ір Сен — геній ідэй, тэорыі і практыкі кіраўніцтва, усёпераможны вайсковец, вялікі рэвалюцыянер, палітычны дзеяч і чалавек з вялікай літары». Такое праслаўленне шмат у чым было рэакцыяй на падзеі ў СССР і Кітаі, дзе ішлі працэсы адлігі і культурнай рэвалюцыі, накіраваныя супраць старой палітычнай эліты. Каб захаваць уладу, Кім Ір Сен і ўстанавіў рэжым татальнай ізаляцыі і пачаў ствараць асабісты культ. Тое, што ён выкарыстоўваў напрацоўкі гістарычнай школы карэйскага нацыяналізму, безумоўна. Для піянераў карэйскага нацыяналізму характэрна арыентацыя на элітарную канфуцыянскую традыцыю, частка якой — культ дзяржавы, арыентацыя на моцную ўладу і ўсё, што з ёй звязана і яе сімвалізуе. Не дзіўна, што саму канцэпцыю «чучхэ» (апора на ўласныя сілы) Кім Ір Сен пазычыў у аднаго з правых нацыяналістаў.

8a54e795.jpg

— Вельмі цяжка зразумець, як паўночнакарэйскія прыхільнікі марксізму, які застаецца афіцыйная ідэалогіяй у КНДР, могуць апраўдваць дынастычную схему перадачы ўлады?

— Усё пачалося з фігуры лідара Кім Ір Сена, які надзелены якасцямі месіі. Адпаведна афіцыёзу, калі ён нарадзіўся, у небе з’явілася падвойная вясёлка і яскравая зорка. Хлопчыку з дзяцінства былі ўласцівыя фантастычныя здольнасці. Так, ужо ў тры гады ён, быццам, мог скакаць на кані і страляць з пісталету па японскіх акупантах. Кім Чэн Ір быў блізкі да бацькі і вучыўся ў яго, ён яшчэ ў дзяцінстве стаў вундэркіндам. Такім чынам легітымізуюцца права нашчадкаў Кім Ір Сена на тое, каб займаць вышэйшыя пасады ў дзяржаве. Як бачым, з аднаго боку, голы матэрыялізм — сын вучыцца ў геніяльнага бацькі практычным навукам, а з іншага — элементы тэорыі манархіі: дадзены небам геній і аўтарытэт перадаецца па прынцыпу крыві.

— Кім Ір Сена пазіцыянавалі як «генералісімуса» — пераможцу амерыканскіх імперыялістаў, Кім Чэн Ір быў «любімым кіраўніком», добрым менеджарам і адміністратарам. Як пазіцыянуе сябе малады Кім Чэн Ын?

— Пакуль галоўным чынам яго падаюць як абаронцу дзяцей. Напярэдадні 8 студзеня мы атрымалі з пасольства КНДР матэрыялы пра тое, як трэба распавядаць пра новага лідара. Я хацеў бы працытаваць некаторыя фрагменты: «Людзей кранае бязмерная любоў Кім Чэн Ына да нашчадкаў. Гэта самае шчырае і выдатнае пачуццё. У навагодняе свята гэтага года Кім Чэн Ын наведаў Мангендэскае рэвалюцыйнае вучылішча. Ён з пачуццём роднага бацькі цалаваў шчокі курсантаў, ад радасці праліваў слёзы, доўгі час назіраў, як яны ядуць».

600n.jpg

Праўда, у кантэксце абвастрэння адносін з ЗША, я думаю, Кім Чэн Ын атрымае нейкі вайсковы тытул. Яго ўжо называюць «стратэгам са стратэгаў», праўда, не так часта.

— Для мяне галоўнай фішкай культу асобы Кімаў былі апавяданні пра іх казачныя ўчынкі. Напрыклад, Кім Ір Сен, калі верыць прапагандзе КНДР, мог прадказваць ураганы. Ці Кім Чэн Ын здольны рабіць падобныя цуды?

— Ён толькі вучыцца. Аднак здольнасці ў яго, або ў тых, хто апісвае яго подзвігі, някепскія. Так, прэса КНДР паведамляе, што на днях Кім Чэн Ын наведаў сям’ю працоўнага, якая перасялілася ў новую кватэру. Падчас візіту ён пасадзіў на сваё калена малодшага сына, школьніка пачатковай школы, і, калі верыць газетам, з пяшчотай навучыў яго маляванню. Усе прысутныя былі ў захапленні ад малюнкаў. Вось так. Так што, думаю, што ў Кім Чэн Ына ўсе яшчэ наперадзе.