Кіраўнік МЗС Польшчы прапанаваў перанесці святкаванне Дня Перамогі з Масквы

Гжэгаж Схетына заявіў, што не разумее, чаму Дзень Перамогі пастаянна адзначаецца ў Маскве, а не, напрыклад, у Польшчы на Вестэрплатэ.



westerplatte_schleswig_d.jpg

Нямецкі браняносец «Шлезвіг-Гальштэйн» абстрэльвае польскі пагранічны гарнізон
«Чаму мы так лёгка прывыклі да таго, што Масква — гэта месца, дзе ўшаноўваюць заканчэнне ваенных дзеянняў, а не Лондан ці Берлін, што было б яшчэ больш натуральным?» — сказаў Гжэгаж Схетына ў панядзелак, 2 лютага, у эфіры радыёстанцыі RMF FM. Паводле яго слоў, найбольш натуральна было б святкаваць Дзень Перамогі «там, дзе гэтая вайна пачалася».
Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі плануе адзначыць 70-ю гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе, запрасіўшы еўрапейскіх лідэраў 8 мая на мерапрыемствы ў Польшчу, а менавіта на паўвостраў Вестэрплатэ каля Гданьска, дзе 1 верасня 1939 г. пачалася Другая сусветная вайна.
Вестэрплатэ — мемарыяльны комплекс, створаны ў памяць аб польскіх вайскоўцах, якія загінулі ў самым пачатку Другой сусветнай. У гэтым месцы 1 верасня 1939 у 4:45 раніцы нямецкі браняносец «Шлезвіг-Гальштэйн» абстраляў польскі пагранічны гарнізон, што лічыцца пачаткам Другой сусветнай вайны. Абарона 182 абаронцаў гарнізона пад камандаваннем маёра Хенрыка Сухарскага стала сімвалам польскага супраціву фашыстам.