Кыргызстан. Юбілей сома
У Кыргызстане з вялікай помпай адсвяткавалі 20-ю гадавіну нараджэння нацыянальнай валюты — сома. 3 мая 1993 года ўрад Кыргызстана прыняў адмысловую пастанову аб увядзенні нацыянальнай валюты. А ўжо 14 мая 1993 года нацыянальная валюта стала адзіным законным плацежным сродкам на тэрыторыі рэспублікі
У кіргізскіх падручніках па сучаснай гісторыі сому прыпісваюць ледзь не галоўную ролю ў перамозе над інфляцыяй. У першыя гады незалежнасці, калі ў Кыргызстане адбыўся глыбокі спад у эканоміцы, узровень інфляцыі дасягаў больш за 2000%. «І толькі дзякуючы ўвядзенню нацыянальнай валюты ў 1993 годзе ўдалося знізіць узровень інфляцыі. Ужо ў 1994 годзе інфляцыя знізілася да 62,1%, у 1995 годзе — да 32,1 працэнта», — нагадваюць кіргізскія гісторыкі. У гэтым ёсць частка праўды.
Сярод валют краін СНД (уключаючы расійскі рубель) сом мае самы нізкі сукупны ўзровень інфляцыі за ўвесь постсавецкі перыяд. У адносінах да долара ЗША курс сома з 1993 года знізіўся ў 12 разоў.
Калі ў 1993 годзе за 1 долар давалі 4 сома, то цяпер абменны курс складае каля 48 сомаў. Апазіцыя лічыць, што стабільнасць сома гарантуецца нізкім узроўнем жыцця насельніцтва, якому валюта амаль не патрэбная.
Паводле кіргізскай прэсы