Матэвуш Маравецкі: Канвой з польскай гуманітарнай дапамогай чакае згоды беларускіх улад

«Тым, хто на тэрыторыі Польшчы, мы аказваем неабходную дапамогу. На аказанне дапамогі на тэрыторыі Беларусі неабходная згода беларускіх улад».

Фота PAP. Artur Reszko

Фота PAP. Artur Reszko

Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што яго краіна ў любы час гатовая перадаць дапамогу мігрантам, якія застаюцца ля польска-беларускай мяжы, паведамляе www.polskieradio.pl.

Аднак ён падкрэсліў, што для гэтага неабходная згода беларускіх улад:

— На мяжы чакае канвой з гуманітарнай дапамогай. Мы гатовыя ў любы час перадаць яе ўсім асобам, якія застаюцца на беларускім баку мяжы. Я падкрэсліваю, што ўсім мігрантам, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, мы аказваем неабходную дапамогу. Мы гатовыя аказаць гуманітарную дапамогу таксама тым, якія застаюцца на тэрыторыі Беларусі, але дзеля гэтага неабходная згода ўлад Беларусі.

Учора Еўрапейскі суд па правах чалавека абавязаў Польшчу прадастаўляць ежу, адзенне, медыцынскую дапамогу і, па магчымасці, часовы прытулак мігрантам, якія застаюцца ля польска-беларускай мяжы. У заяве падкрэсліваецца, што гэтае рашэнне не азначае, што Польшча павінна прапусціць мігрантаў на сваю тэрыторыю.

Нагадваем, ужо больш за дзесяць дзён ля мяжы з Польшчай на тэрыторыі Беларусі застаецца група мігрантаў — у ёй каля 20 чалавек. Польскія памежнікі не дазваляюць ім перасекчы мяжу Польшчы, а беларускія — вярнуцца назад на тэрыторыю Беларусі, адкуль яны і прыйшлі.